Анёл Панскі: у сям’і трэба ператвараць “я” ў “ты”
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Папа звярнуў увагу на тое, што сям’я – гэта гісторыя, з якой мы паходзім. Ён падкрэсліў, што чалавек, якім мы з'яўляемся сёння, нараджаецца перш за ўсё з атрыманай любові, і заахвоціў шанаваць сямейныя карані, нават калі мы не нарадзіліся ў выключнай або беспраблемнай сям'і. Францішак папярэдзіў, што калі мы адразаем карані, у нас памірае жыццё.
“Бог стварыў нас не для таго, каб быць адзінокімі правадырамі, але каб ісці разам. Будзем дзякаваць Яму і маліцца за нашы сем’і. Бог думае пра нас і хоча, каб мы былі разам: удзячныя, адзіныя, здольныя ахоўваць свае карані”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец адзначыў, што чалавек кожны дзень вучыцца быць сям’ёй. “Нам трэба навучыцца слухаць і разумець адно аднаго, ісці разам, сутыкацца з канфліктамі і цяжкасцямі. Гэта штодзённы выклік, які можна пераадолець дзякуючы правільнаму стаўленню, дзякуючы невялікім заўвагам, простым жэстам, дбаючы пра дэталі нашых адносін”, - заўважыў ён.
Папа заклікаў да барацьбы з дыктатурай “я”. Ён перасцярог ад бескампрамісных узаемных папрокаў у памылках, засяроджанасці выключна на сваіх патрэбах, на мабільных тэлефонах, на множанні ўзаемных абвінавачванняў.
Францішак запрасіў да ўзаемнага прымірэння ў канцы дня, калі ў сям’і здарыўся канфлікт. “Колькі разоў, на жаль, у сценах дома ад занадта доўгага перыяду маўчання і нявылечанага эгаізму ўзнікаюць канфлікты! Часам бывае нават фізічны і маральны гвалт. Гэта парушае гармонію і забівае сям'ю. Давайце ператворым “я” ў “ты”. І кожны дзень маліцеся разам, каб прасіць у Бога дар міру. І давайце ўсе – бацькі, дзеці, Касцёл, грамадзянская супольнасць – падтрымліваць, абараняць і ахоўваць сям’ю!”, - сказаў Папа перад малітвай Анёл Панскі і апостальскім благаслаўленнем.