ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак да шарытак: будзьце маці і сёстрамі для бедных

Францішак скіраваў відэапасланне да ўдзельніц генеральнага капітула кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці – духоўных паслядоўніц св. Вінцэнта дэ Поля, вядомых таксама як “шарыткі”.

Аляксандр Панчанка – Pope

Падчас асамблеі, якая распачалася 20 лістапада 2021 г. у Парыжы, манахіні будуць разважаць пра сваю місію ў святле Евангелля, з асаблівай увагай на патрэбу выходзіць насустрач людзям, што ад самага пачатку было адметнай рысай кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці – “таварыства жанчын, створанага, каб ісці і несці Любоў Хрыста бедным”.

“Гэта прывяло вас да таго, што вы служыце бедным ва ўсім свеце не толькі ў вялікіх структурах, шпіталях, сіроцкіх прытулках, школах, але таксама наведваючы іх там, дзе яны жывуць, каб суправаджаць іх на шляху чалавечага развіцця, аховы жыцця і духоўнага клопату”, - сказаў Папа.

Францішак назваў гэта пакліканне манахінь “прыгожым”, бо такім чынам ім давераны клопат пра найбольш умілаваных Бога – бедных, для якіх законніцы павінны быць “маці і сёстрамі”, а “не цешчамі”.

“Маці – таму што праз вашу любоў, вашу ўвагу да ўсіх іх патрэб, вы нараджаеце іх для Божай любові і адкрываеце на прыгажосць жыцця. Сёстры – таму што падтрымліваеце іх у іх сітуацыях і суправаджаеце ў адшуканні годнасці на шматлікіх жыццёвых шляхах, якімі праходзіце разам з імі. Так вы ўсё больш становіцеся Дачкамі Міласэрнасці, што, згодна з думкамі вашага заснавальніка, св. Вінцэнта дэ Поля, значыць быць Дачкамі Бога – вобразам найбольшай Любові, сведчанне якой даў сам Бог”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў шарыткам, што ў час, пазначаны “вялікай колькасцю супярэчнасцяў і шматлікімі формамі маргіналізацыі”, яны маюць “гістарычную ролю” як жанчыны, якія жывуць асаблівай формай прысвячэння сябе Богу. Гэта роля заключаецца ў тым, каб з усмешкай, клопатам і адданасцю служэнню самым слабым суправаджаць ахвяр насілля і дыскрымінацыі, дапамагаць узрастаць дзецям, якія пацярпелі ад злоўжыванняў дарослых, ахоўваць і бараніць чалавечае жыццё вакол сябе.

“Заклікаю вас працаваць дзеля таго, каб усім былі забяспечаны фундаментальныя правы, якія гарантуюць годнае жыццё, рабіць унёсак у захаванне нашага супольнага дома, перадаваць веру і хрысціянскія каштоўнасці новым пакаленням, а таксама выхоўваць іх і клапаціцца адно пра аднаго. Яшчэ трэба зрабіць шмат! Бог кліча вас адказаць з велікадушнасцю. Бог заклікае вас сустракаць, слухаць, пілігрымаваць у гісторыі, пілігрымаваць разам, каб раздзяляць падзеі, якія перажывае чалавецтва”, - сказаў Папа, нагадваючы манахіням пра тое, што яны з’яўляюцца вялікай духоўнай сілай у Касцёле і ва ўсім свеце.

Кангрэгацыя Дачок Міласэрнасці была заснавана ў 1633 г. у Парыжы св. Вінцэнтам дэ Полем і св. Луізай дэ Марыяк. Гэта была першая жаночая манаская супольнасць у Касцёле, члены якой не праводзілі жыццё за сценамі кляштара, але былі пакліканы служыць бедным, хворым, сіротам у дамах, шпіталях, прытулках, школах і дзіцячых садках.
 

20 лістапада 2021, 15:11