ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: свету патрэбна вынаходлівасць прадпрымальнікаў

Прадпрымальнікі павінны дапамагчы чалавецтву выйсці з актуальнага крызісу, - сказаў Папа ў відэапасланні да членаў Міжнароднага хрысціянскага аб’яднання кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Аляксандр Панчанка – Pope

“Узрастайце ў крэатыўнасці! Не бойцеся! А калі прыйдзе страх, памятайце пра вынаходлівасць вашых бацькоў! Гэта павінна дапамагчы вам крочыць наперад!”, - заахвоціў бізнесменаў Пантыфік.

6 лістапада 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі старшыню арганізацыі Бруна Карласа Пінта Баста Бабонэ, а цяпер вырашыў прывітаць яе членаў з дапамогай адмысловага відэапаслання. У звароце Францішак падкрэсліў, што для пераадолення праблем сучаснай эпохі патрабны новыя рашэнні і салідарнасць.

З крызісу неабходна выйсці лепшымі, а ў гэтым чалавецтву могуць дапамагчы прадпрымальнікі – людзі, здольныя думаць нестандартна, - перакананы Святы Айцец. “Бог навучыў нас крэатыўнасці. Бізнесмен, які не мае творчых здольнасцей, не з’яўляецца добрым прадпрымальнікам, бо не ведае як надаць гэтаму каштоўнасць, або захоўвае ўсё ў шафе, і такім чынам не развіваецца”, - дадаў ён.

Міжнароднае хрысціянскае аб’яднанне кіраўнікоў прадпрыемстваў было заснавана ў 1931 г. – у саракавую гадавіну энцыклікі Льва ХІІІ Rerum novarum – як Міжнародная канферэнцыя асацыяцый каталіцкіх прадпрымальнікаў. Яна аб’ядноўвала бізнесменаў з Нідэрландаў, Бельгіі і Францыі, якія натхняліся ў сваёй дзейнасці сацыяльным вучэннем Касцёла. Пасля Другой сусветнай вайны арганізацыя распаўсюдзілася ў іншых краінах Еўропы і Лацінскай Амерыкі. У 1960-я гг. яна стала экуменічнай і змяніла назву на сучасную.

13 лістапада 2021, 09:54