Святы Айцец да моладзі: адкрыць сэрцы на бежанцаў
Аляксандр Панчанка – Pope
25 лістапада 2021 г. Францішак здзейсніў візіт у Папскі міжнародны калегіўм Maria Mater Ecclesiae, дзе сустрэўся з юнакамі і дзяўчатамі, якія прыбылі ў Рым з больш чым 40 краін свету, каб падзяліцца досведам перажывання пандэміі і разам паразважаць пра тое, чым маладыя людзі могуць дапамагчы ў актуальным кантэксце.
Падчас сустрэчы са Святым Айцом малады чалавек з Руанды распавёў пра тое як разам са сваёй сям’ёй уцёк у Конга падчас генацыду 1994 г., а цяпер удзельнічае ў праграмах сеткі Scholas Occurrentes. У сувязі з гэтым Францішак звярнуў увагу на важнасць адкрытасці на бежанцаў.
“Мы павінны адкрыць нашы сэрцы на жыццё бежанцаў. Яны не з’яўляюцца людзьмі, якія прыбываюць як “турысты” ў іншую краіну або ўцякаюць па эканамічных прычынах. Бежанцы ўцякаюць, каб жыць, яны рызыкуюць сваім жыццём, дзеля таго, каб жыць”, - сказаў моладзі Папа.
Францішак нагадаў, што бежанцы часта становяцца ахвярамі адчужэння і абыякавасці, а эгаізм і псіхалогія раўнадушша прывялі да таго, што Міжземнае мора ператварылася “ў самыя вялікія могілкі ў свету”.
Спасылаючыся на сітуацыю ў Лівіі, ён заўважыў, што мігранты, якія вымушаны вярнуцца на ўзбярэжжа гэтай краіны, трапляюць у сапраўдныя “канцэнтрацыйныя лагеры”. Крымінальныя групоўкі іх эксплуатуюць, катуюць, а жанчын прадаюць. “Можаце сабе ўявіць, што значыць быць прададзеным, як тавар?”, - спытаў Пантыфік.
Святы Айцец падкрэсліў, што гаворачы пра бежанцаў, варта памятаць, што яны не з’яўляюцца лічбамі, але “нашымі братамі і сёстрамі, якія былі вымушаны ўцякаць”.
“Я сустракаў шмат бежанцаў, якія апавядалі мне, як доўга яны дабіраліся да Еўропы: два або тры гады ўцёкаў і вандравання. Жыццё бежанца – гэта жыццё на вуліцы, але не на тваёй вуліцы, не на вуліцы твайго горада, але на вуліцы жыцця, на якой цябе ігнаруюць, топчуць, адносяцца як да пустога месца”, - патлумачыў Пантыфік, заклікаючы моладзь быць удзячнымі за магчымасць жыць ва ўласнай краіне.
Юнакі і дзяўчаты з Scholas Occurrentes прадставілі Папу кароткі тэатральны спектакль Твары пандэміі, а таксама адукацыйную праграму для будучых палітычных лідараў, натхнёную энцыклікай Fratelli tutti, у якой прымуць удзел 50 юнакоў і дзяўчат.