Папа ў абарону дзяцей, вымушаных працаваць у сельскай гаспадарцы
Аляксандр Амяльчэня – Pope
Сустрэчу арганізавала Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (ФАО) у супрацоўніцтве з Міжнароднай арганізацыяй працы.
Па словах Францішка, рабская праца дзяцей сёння стала бізуном, які жорстка раніць іх асабістую годнасць і гарманічнае развіццё, скарачае і разбурае іх жыццё, каб задаволіць патрэбы буйной вытворчасці сярод дарослых.
Пашырэнне феномена правакуе пандэмія, якая прывяла да таго, што ўсё больш і больш дзяцей кідаюць школу. Гэта азначае не толькі страту магчымасцей, якія дазволяць падлеткам справіцца з праблемамі дарослага жыцця, але і часта прыводзіць да таго, што яны хварэюць з прычыны дрэнных умоў, у якіх вымушаны працаваць не па сілах.
У пасланні гаворыцца, што тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак пакутуюць ад жорсткага абыходжання, злоўжыванняў і дыскрымінацыі. Сітуацыя тым больш драматычная, што бацькі вымушаныя адпраўляць дзяцей на працу, бо без іх актыўнага ўдзелу яны не змаглі б утрымліваць сям'ю.
Папа заклікаў удзельнікаў міжнароднай сустрэчы абараніць мір і шчасце дзяцей. Інвестыцыя ў будучыя пакаленні – гэта таксама самае выгаднае ўкладанне з эканамічнага пункту гледжання. Ім павінны быць створаны належныя ўмовы для развіцця. Неабходна таксама дапамагчы сем'ям дробных фермераў, каб яны не былі вымушаны адпраўляць дзяцей у вёску з мэтай павялічыць даходы.
Абараняць дзяцей азначае даць ім усе магчымасці стаць свабоднымі, сумленнымі і салідарнымі членамі грамадства. Неабходны сумесны ўдзел міжнародных і нацыянальных інстытутаў у гарантаванні дзецям і моладзі рэалізацыі іх мар, атрыманні асалоды ад жыцця, адукацыі і падрыхтоўкі да дарослага жыцця.