ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: не выпускаць з-пад увагі чалавечае аблічча міграцыі

Пантыфік асудзіў выкарыстанне пакут і адчаю людзей у палітычных мэтах. Мігранты становяцца разменнай манетай, пешкамі на шахматнай дошцы, ахвярамі палітычнага супрацьстаяння, - заўважыў ён.

Аляксандр Панчанка – Pope

29 лістапада 2021 г. Францішак скіраваў пасланне, прымеркаванае да 70-годдзя Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (OIM), членам якой Апостальская Сталіца з’яўляецца ўжо на працягу дзесяці гадоў. 

Папа заўважыў, што дыскусіі аб міграцыі на самай справе тычацца “не толькі мігрантаў, але ўсіх нас: мінулага, сучаснасці і будучыні нашых грамадстваў”. Неабходна ўбачыць у мігрантах не толькі лічбы, але абліччы і гісторыі канкрэтных людзей, “імкнучыся найлепшым чынам адказаць на іх асабістыя і сямейныя сітуацыі”, што патрабуе “вялікай чалавечай адчувальнасці, справядлівасці і братэрства”, - падкрэсліў ён, заклікаючы пераадолець распаўсюджаную ў сучасным свеце спакусу: “не прымаць тое, што стварае нязручнасці”.

Святы Айцец звярнуў увагу на “двайныя стандарты”: у многіх краінах з сярэдне-высокімі даходамі праца мігрантаў карыстаецца вялікім попытам і вітаецца, але мігранты часта становяцца аб’ектамі непрыняцця і варожых адносін з боку грамадства. На думку Папы, крыніца гэтага ў “перавазе эканамічных інтарэсаў над патрэбамі і годнасцю чалавечай асобы”, што асаблівым чынам праявілася падчас пандэміі: менавіта мігранты выконвалі многія фундаментальныя працы, але не былі ўключаны ў праграмы эканамічнай дапамогі і не атрымалі доступу да базавых медыцынскіх паслуг і вакцынацыі.

“Яшчэ больш абуральным з’яўляецца той факт, што мігранты ўсё часцей выкарыстоўваюцца ў якасці разменнай манеты, як пешкі на шахматнай дошцы, становяцца ахвярамі палітычнага супрацьстаяння. Як мы ведаем, рашэнне эміграваць, пакінуць родную зямлю ці тэрыторыю паходжання, з’яўляецца адным з самых складаных у жыцці”, - нагадаў Святы Айцец.

“Як можна выкарыстоўваць пакуты і адчай для прасоўвання або абароны палітычных мэт? Як могуць пераважаць палітычныя задумы, калі на карту пастаўлена годнасць чалавека? Базавая адсутнасць людской павагі на нацыянальных межах прымяншае ўсіх нас у нашай чалавечнасці. Акрамя палітычных і прававых аспектаў нерэгулярных сітуацый, мы ніколі не павінны выпускаць з-пад увагі чалавечае аблічча міграцыі і той факт, што нягледзячы на геаграфічныя межы, мы з’яўляемся членамі адзінай чалавечай сям’і”, - дадаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што “тэрмінова неабходна знайсці годныя шляхі, каб выйсці з такіх сітуацый”. Для гэтага ён прапанаваў клапаціцца пра законныя шляхі міграцыі, каб зменшыць верагоднасць уцягнення мігрантаў у злачынныя сеткі; інтэграваць мігрантаў у духу сустрэчы і ўзаемнага ўзбагачэння; зняць прававыя перашкоды, якія прыводзяць да раздзялення сем’яў мігрантаў; ліквідаваць прычыны, якія правакуюць нерэгулярную міграцыю, каб рашэнне пакінуць краіну было асэнсаваным выбарам людзей, а не роспачнай неабходнасцю.

“Мы ніколі не павінны забываць пра тое, што гаворка ідзе не пра статыстычныя дадзеныя, але пра рэальных людзей, жыццё якіх пастаўлена на карту. Абапіраючыся на свой векавы досвед, Каталіцкі Касцёл і яго структуры будуць працягваюць сваю місію прыняцця, абароны, падтрымкі і інтэграцыі людзей, якія перамяшчаюцца”, - запэўніў напрыканцы паслання Пантыфік.

29 лістапада 2021, 15:15