ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да кіпрыётаў і грэкаў: еду да ўсіх, не толькі да католікаў

За некалькі дзён да свайго кіпрска-грэчаскага падарожжа Францішак скіраваў відэа-пасланне да народаў гэтых краін. Яго абнародавалі ў 27 лістапада 2021 г. у Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Папа прызнаўся, што едзе ў якасці пілігрыма на “цудоўныя землі, благаслаўлёныя гісторыяй, культурай і Евангеллем”. “Я іду з радасцю, менавіта ў імя Евангелля, па слядах першых вялікіх місіянераў, у тым ліку апосталаў Паўла і Барнабы. Прыемна вяртацца да вытокаў, і для Касцёла важна нанова адкрыць радасць Евангелля. У такім духу я рыхтую сябе да гэтай пілігрымкі да крыніц, якую прашу ўсіх дапамагчы падрыхтаваць мне праз малітву”, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак спадзяецца, што сустрэчы на Кіпры і ў Грэцыі дапамогуць яму “наталіць смагу ў крыніцах братэрства”, асабліва ў кантэксце распачатага некалькі тыдняў таму сінадальнага падарожжа. Ён назваў “сінадальнай ласкай” і “апостальскім братэрствам” візіты да Хрызастома і Іераніма, кіраўнікоў памесных Праваслаўных Цэркваў. “Як брат па веры, я буду мець ласку быць прынятым вамі і сустрэцца з вамі ў імя Пана міру”, - падкрэсліў Папа.

Галоўнымі адрасатамі візіту Святога Айца стануць мясцовыя католікі, “сабраныя на гэтых землях у маленькіх статках, якіх так пяшчотна любіць Айцец і якім Езус Добры Пастыр паўтарае: “Не бойся, малы статак” (Лк 12, 32)”. “Прыходжу з любоўю, каб прынесці вам заахвочванне ўсяго Каталіцкага Касцёла”, - прызнаўся ён.

“Наведванне вас таксама дасць мне магчымасць выпіць са старажытных крыніц Еўропы: Кіпр – гэта адгалінаванне Святой Зямлі на кантыненце; Грэцыя – радзіма класічнай культуры. І сёння Еўропа не можа ігнараваць Міжземнамор’я, якое бачыла распаўсюджванне Евангелля і развіццё вялікіх цывілізацый. Mare nostrum, якое злучае столькі зямель, запрашае нас плыць разам, а не рабіць падзелы, ідучы ў адзіночку, асабліва ў гэты перыяд, калі барацьба з пандэміяй яшчэ патрабуе шмат намаганняў, а кліматычны крызіс набліжаецца”, - звярнуў увагу Францішак.

Пантыфік дадаў, што мора, якое аб’ядноўвае многія народы, з яго адкрытымі партамі нагадвае чалавецтву, што вытокі сумеснага жыцця ляжаць ва ўзаемным прызнанні. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на бежанцаў, “якія ўцякаюць ад войнаў і галечы, высаджваюцца на ўзбярэжжы кантынента і ў іншых месцах, не знаходзячы гасціннасці, спазнаючы варожасць і эксплуатацыю”. Папа нагадаў, што сёння Міжземнамор'е – гэта вялікія могілкі.

“Пілігрымуючы да вытокаў чалавецтва, я зноў паеду на Лесбас з перакананнем, што крыніцы супольнага жыцця зноў будуць квітнець толькі ў братэрстве і інтэграцыі – разам. Іншага шляху няма, і з гэтай “надзеяй” я іду да вас”, - сказаў Святы Айцец.

“Дарагія браты і сёстры, менавіта з такімі пачуццямі я з нецярпеннем чакаю сустрэчы з вамі ўсімі! Не толькі з католікамі – ўсімі!”, - прызнаўся Пантыфік, завяршаючы сваё пасланне.
 

27 лістапада 2021, 12:06