ҽ

Анёл Панскі: хто робіць дабро, той інвестуе ў вечнасць

Усё прамінае і толькі любоў застанецца назаўсёды, - нагадаў Папа вернікам перад малітвай Анёл Панскі, якая 14 лістапада 2021 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Pope

“Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць” – гэта сцвярджэнне Езуса з Евангелля св. Марка было ў цэнтры нядзельнага разважання Францішка. Ён патлумачыў, што кажучы так, Хрыстус не жадае палохаць людзей катастрофамі, а устанаўлівае адрозненне паміж тым, што знікае, і тым, што застанецца навекі.

Гэта вучэнне вельмі каштоўнае і можа дапамагчы ў прыняцці важных жыццёвых рашэнняў. Пантыфік заўважыў, што значна прасцей абапірацца ў жыцці на тое, што прыносіць неадкладнае задавальненне, што бачнае і да чаго можна дакрануцца – яно здаецца больш надзейным, але насамрэч – гэта падман, бо “неба і зямля мінуць”, а словы Езуса не мінуць.

“Таму вось заклік: не будаваць жыццё на пяску. Пры будаўніцтве дома капаюць глыбока і закладаюць моцны фундамент. Толькі неразумны сказаў бы, што гэта выкінутыя грошы, бо нічога нябачна. Верны вучань, для Езуса, гэта той, хто заснаваў жыццё на скале, гэта значыць на Яго слове”, - сцвердзіў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што “пульсуючым сэрцам Божага слова”, якое дае трываласць жыццю і не мае канца, з’яўляецца міласэрная любоў. “Хто робіць дабро, той інвестуе ў вечнасць. Калі бачым шчодрага чалавека, паслужлівага, лагоднага, цярплівага, які не зайздросціць, не пляткарыць, не хваліцца, не ганарыцца, які мае павагу – гэта чалавек, які будуе Неба на зямлі. Магчыма ён будзе незаўважным, не зробіць кар’еру, пра яго не напішуць у газетах, але тое, што ён зробіць, не будзе страчана, бо дабро ніколі немагчыма згубіць, яно застанецца назаўсёды”, - сказаў Пантыфік.

“А на чым будуем жыццё мы? На тым, што мінае, як грошы, поспех, знешні вобраз, фізічны дабрабыт...? Мы прывязаны да зямных рэчаў нібыта будзем жыць тут заўсёды...? Божае слова нас папярэджвае сёння: гэты свет праміне і застанецца толькі любоў. Таму заснаваць жыццё на Божым слове не значыць уцякаць ад гісторыі, але заглыбіцца ў зямную рэчаіснасць, каб рабіць яе трывалай, каб перамяняць праз любоў, накладаючы на яе знак вечнасці, Божы знак”, - сказаў Пантыфік.

Францішак даў вернікаў параду з Духоўных практыкаванняў св. Ігнацыя Лаёлы: “Перад тым як прыняць рашэнне, уявім, што стаім перад Езусам, як напрыканцы жыцця, перад Тым, які ёсць любоўю. Уяўляючы сябе там, у Яго прысутнасці, на парозе вечнасці, прымем рашэнне на сённяшні дзень... Магчыма яно не будзе больш лёгкім, больш спантанным, але будзе добрым, надзейным. Няхай Багародзіца дапаможа нам прымаць важныя рашэнні ў жыцці так, як рабіла Яна: паводле любові, паводле Бога”, - завяршыў разважанне Святы Айцец.
 

14 лістапада 2021, 12:07

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >