ҽ

Анёл Панскі: не будаваць жыццё на кульце знешнасці і вобразу

Папа заахвоціў пазбягаць крывадушнікаў і павучыцца ў беднай удавы любові да Бога і бліжніх. 7 лістапада 2021 г. падчас малітвы Анёл Панскі ён заклікаў вызваліць сакральную сферу ад уплыву грашовага фактару.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Францішак традыцыйна спаслаўся на ўрывак Евангелля, які чытаецца ў бягучую нядзелю (Мк 12, 38-44) і дзе згадваецца “ўдовін грош”. Ён заўважыў, што Святое Пісанне прапануе сустрэцца з абуральным кантрастам: багатыя, якія аддаюць лішкі, і робяць гэта напаказ, і бедная жанчына, якая прапануе ўсё, што мае, без паказушнасці.

Пантыфік адзначыў, што трэба “сцерагчыся” тых, хто жыве двудушна, як кніжнікі, намагацца не стаць падобнымі да іх. Варта браць прыклад з удавы. Святы Айцец заахвоціў не будаваць сваё жыццё на кульце выгляду, знешнасці і празмернага клопату пра ўласны вобраз, не падпарадкоўваць сваёй веры ўласнай карысці.

Гаворачы пра кніжнікаў, якія злоўжываюць уладай і карыстаюцца беднымі, ён заўважыў: “Гэта папярэджанне для ўсіх часоў і для кожнага, для Касцёла і грамадства, ніколі не выкарыстоўваць сваёй функцыі, каб раздушыць іншых, ніколі не выйграваць за кошт самых слабых! Давайце заставацца пільнымі, каб не ўпасці ў марнасць, не засяроджвацца на знешнасці, не страціць сутнасці рэчаў і не жыць павярхоўна”. Папа дадаў: “Давайце пазбягаць фальшывага сэрца, крывадушнасці, якая з’яўляецца небяспечнай хваробай душы!”.

Гаворачы пра бедную ўдаву, Францішак заўважыў, што Бог асуджае эксплуатацыю жанчыны, якая, каб прынесці ахвяру, павінна вярнуцца дадому, пазбаўленая нават невялікіх сродкаў, неабходных для ўтрымання. “Як важна вызваліць сакральнае ад прывязкі да грошай!”, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец таксама адзначыў, што біблейская жанчына з’яўляецца настаўніцай веры. “Яна ходзіць у храм не для ачышчэння сумлення, моліцца не для таго, каб яе заўважылі, не выстаўляе сваёй веры напаказ, але дзеліцца ад душы, шчодра і самааддана. Яе манеты гучаць прыгажэй, чым вялікія ахвяры багатых, таму што яны выказваюць жыццё, шчыра адданае Богу, веру, якая не жыве паказушна, але заснавана на безумоўным даверы. Будзем вучыцца ў яе: веры без знешніх упрыгожванняў, але ўнутрана сумленнай; веры, выяўленай у пакорнай любові да Бога і братоў”, - заахвоціў Папа перад тым, як прамовіць малітву Анёл Панскі і ўдзяліць апостальскае благаслаўленне.
 

07 лістапада 2021, 12:42

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >