Анёл Панскі: Езус з’яўляецца гарантам існавання праўды ў нас
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Францішак адзначыў, што Валадарства Езуса цалкам адрозніваецца ад часовага. “Ён прыходзіць не валадарыць, а служыць. Ён не кароль, як іншыя, але кароль для іншых”, - падкрэсліў Святы Айцец. Збаўца паказвае, што Ён надзвычай свабодны ад смагі мірской пашаны і славы.
Папа адзначыў, што Валадарства Езуса вызваляе: Ён ставіцца да кожнага вучня як да сябра, а не як да падначаленага. “Таму што Хрыстус жадае вакол сябе не рабалепства, а вольных людзей”, - удакладніў ён.
Святы Айцец падкрэсліў, што свабода Езуса паходзіць з праўды. Яго праўда робіць нас свабоднымі. “Гэта Ён Сам стварае праўду ўнутры нас, вызваляе нас ад фікцыі і хлусні, якія мы маем у сабе. Застаючыся з Езусам, мы становімся сапраўднымі. Жыццё хрысціяніна – гэта не шоу, у якім можна надзець маску, што больш табе падыходзіць. Таму што, калі Езус валадарыць у сэрцы, Ён вызваляе яго ад крывадушнасці, ад інтрыг і ад двудушнасці”, - патлумачыў Францішак 21 лістапада 2021 г..
На думку Папы, лепшае сведчанне валадарання Езуса сярод нас – “гэта адмова ад таго, што забруджвае жыццё, робячы яго неадназначным, непразрыстым і сумным”. “Вядома, мы заўсёды павінны прымаць свае абмежаванні і недахопы: усе мы грэшныя. Але калі мы жывём пад уладай Езуса, мы не становімся амаральнымі, фальшывымі і схільнымі хаваць праўду. Мы не жывём падвойным жыццём”, - дадаў ён.
“Няхай Маці Божая дапаможа нам у нашым штодзённым пошуку праўды Езуса, Валадара Сусвету, Які вызваляе нас ад часовай няволі і вучыць панаваць над сваімі недахопамі”, - заахвоціў Францішак перад малітвай Анёл Панскі.