Папа: рэлігіі прагнуць спрыяць адукацыі на карысць братэрства
Аляксандр Панчанка – Pope
Форум прайшоў у Ватыкане з мэтай прасоўвання Глабальнага адукацыйнага саюза – ініцыятывы Святога Айца, пакліканай спрыяць дыялогу і супрацоўніцтву ў адукацыйнай сферы дзеля будавання больш салідарнага, гасціннага і братэрскага грамадства. У ім бралі ўдзел лідары буйнейшых хрысціянскіх канфесій, ісламу і іншых рэлігій.
У прамове Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць цэласнай адукацыі, “якая абагульняецца ў пазнанні сябе, брата, стварэння і Трансцэндэнтнасці”, якая вучыць гасціннасці, павазе да прыроды і адкрытасці на Бога. “Мы не можам замоўчваць перад новымі пакаленнямі праўду, якая дае сэнс жыццю”, - дадаў ён.
Папа нагадаў, што блізкія адносіны паміж рэлігіямі і сферай адукацыі існавалі спрадвеку. “Як у мінулым, так і сёння, з мудрасцю і чалавечнасцю нашых рэлігійный традыцый, мы прагнем быць стымулам для абноўленай адукацыйнай дзейнасці, якая дапаможа ўзрастанню ў свеце паўсюднага братэрства”, - сцвердзіў ён.
“Калі ў мінулым адметнасці супрацьпастаўлялі нас, то сёння мы бачым у іх багацце розных шляхоў прыйсця да Бога і навучання новых пакаленняў мірнаму суіснаванню ва ўзаемнай павазе. Таму адукацыйная дзейнасць абавязвае нас ніколі не выкарыстоўваць імя Бога для апраўдання насілля і нянавісці да іншых рэлігійных традыцый, асуджаць усе формы фанатызма і фундаменталізма і бараніць права кожнага здзейсняць выбар і дзейнічаць згодна з уласным сумленнем”, - сказаў Папа.
Францішак заўважыў, што сёння рэлігіі прагнуць быць “абаронцамі тоеснасці і годнасці кожнага чалавека і вучыць новыя пакаленні прымаць усіх без адрозненняў”. “Калі ў мінулым правы жанчын, дзяцей, самых слабых не заўсёды паважаліся, то сёння мы намагаемся з рашучасцю абараняць гэтыя правы і вучыць новыя пакаленні быць голасам тых, хто не мае голасу. Таму адукацыйная дзейнасць абавязвае нас адкідаць і асуджаць усе напады на фізічную і маральную цэласнасць кожнага чалавека”, - сказаў Святы Айцец
Папа запэўніў у імкненні рэлігій вучыць любові да навакольнага асяроддзя, ашчаднаму стаўленню да прадуктаў харчавання і рэсурсаў і больш шчодраму дзяленню дабротамі, “якія Бог падарыў для жыцця ўсіх”. На заканчэнне звароту ён заклікаў удзельнікаў ватыканскай сустрэчы да супольнай малітвы ў цішыні, просячы Бога асвяціць іх розум і зрабіць плённым дыялог, які дапаможа ў адвагай ісці па шляхах новых адукацыйных гарызонтаў.