Анёл Панскі: шлях служэння з’яўляецца следствам нашага хросту
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Папа спаслаўся на Евангелле ХХIX Звычайнай нядзелі (Мк 10, 35-45), дзе гаворыцца, што “Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх”. Адваротныя паводзіны паказалі апосталы Якуб і Ян, якія хацелі сядзець у Валадарстве Божым, адзін справа, а другі злева ад Хрыста. Аднак Збаўца вучыць, што сапраўдная слава дасягаецца не праз узвышэнне сябе, а праз той хрост, які Ён сам хутка прыме ў Ерузалеме.
Езус пагрузіўся ў смерць, аддаўшы сваё жыццё за збаўленне людзей. Таму Яго слава, Божая слава – гэта любоў, якая становіцца служэннем. Вось чаму Ён кажа сваім вучням: “Хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою” (Мк 10, 43).
Францішак супаставіў два дзеясловы: паказаць сябе і пагрузіцца. Першы – гэта мышленне гэтага свету: імкнуцца рэалізаваць свае амбіцыі і падняцца па кар'ернай лесвіцы. “Імкненне да асабістага прэстыжу можа стаць хваробай духу, нават калі гэта адбываецца ў добрых намерах; напрыклад, калі за дабром, якое мы робім і абвяшчаем, насамрэч хаваецца толькі пошук сябе і самасцвярджэнне”, - адзначыў Святы Айцец, заахвочваючы вернікаў да вывучэння інтэнцый свайго сэрца.
Папа падкрэсліў, што Езус супрацьпаставіў такому падыходу логіку служэння. Яна выражаецца ў дзеяслове "пагрузіцца". “Езус просіць нас спачувальна пагрузіцца ў жыццё тых, каго мы сустракаем, як Ён зрабіў гэта для нас”, - патлумачыў Францішак.
Папа звярнуў увагу на тое, што шлях служэння з’яўляецца следствам нашага хросту. Гаворка ідзе пра пагружэнне ў Езуса, “якое мы ўжо атрымалі праз ласку і якое вядзе нас, штурхае нас ісці за Ім, не шукаючы ўласных інтарэсаў, але прысвячаючы сябе Яго служэнню”. Ён назваў гэта “агнём, які запаліў у нас Дух Святы і які трэба трымаць распаленым”.
“Сёння папросім Духа Святога абнавіць у нас ласку хросту, пагружэнне ў Езуса, у яго спосаб быцця, у служэнне”, - заахвоціў Францішак у канцы свайго разважання.