Святы Айцец сустрэўся з афганскімі бежанцамі
Аляксандр Панчанка – Pope
Сустрэча адбылася перад агульнай аўдыенцыяй 22 верасня 2021 г. у адным з памяшканняў ватыканскай Залы Паўла VI. Бежанцы распавялі Святому Айцу свае гісторыі, поўныя болю і надзеі на новае жыццё.
57-гадовая жанчына расказала Папу пра тое, што яе муж быў спачатку звольнены з працы, а потым арыштаваны талібамі за тое, што з’яўляецца хрысціянам. Звестак пра яго далейшы лёс сям’я не мае. “Мы прасядзелі закрытыя ў падвале чатыры дні са страху перад тым, што будзем арыштаваныя ўсе. Магчыма нехта паведаміў, што мы хрысціяне”, - падзялілася яна.
Бежанцы змаглі прыбыць у Італію дзякуючы сетцы салідарнасці, працу якой каардынуе Алі Эшані – афганскі пісьменнік, які пакінуў Кабул шмат гадоў таму. Дапамогу ў эвакуацыі афганскіх хрысціян аказаў фонд Meet Human у рамках камнаніі Fratelli afghani – Браты афганцы. Сем’і будуць жыць недалёка ад італьянскага горада Бергама, ім будзе аказана падтрымка ў пошуку жылля, працы, атрымання адукацыі і інтэграцыі ў грамадства.