Папа: гісторыя кліча Славакію быць пасланнем міру ў сэрцы Еўропы
Аляксандр Панчанка – Pope
Славакія – гэта маладая краіна са старажытнай гісторыяй, якая 28 гадоў таму стала незалежнай дзяржавай без канфліктаў. Гісторыя кліча яе быць “пасланнем міру ў сэрцы Еўропы”, - адзначыў Пантыфік у звароце да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Славакіі. Сустрэча адбылася 13 верасня 2021 г. у садзе Прэзідэнцкага палацу ў Браціславе.
Францішак нагадаў пра важнае значэнне хрысціянства ў гісторыі Славакіі, выказваючы пажаданне на тое, каб яно дапамагла ўмацоўваць братэрскія пачуцці. Ён заклікаў наследаваць прыклад святых Кірыла і Мятода, якія шукалі еднасці паміж усімі: славянамі, грэкамі і лацінянамі, і вера якіх выражалася ў адкрытасці. “Гэта спадчына, якую вы пакліканы сабраць, каб быць таксама і ў наш час знакам адзінства”, - пажадаў Пантыфік.
Папа спаслаўся на славянскую традыцыю вітаць гасцей хлебам і соллю. Ён нагадаў, што Святое Пісанне заклікае не назапашваць хлеб, а дзяліцца ім з бліжнімі. Гэта заклік да таго, каб клапаціцца пра слабых, не дыскрымінаваць нікога, бачыць у іншых людзях братоў і сясцёр, будаваць справядлівасць і даваць кожнаму магчымасць для рэалізацыі і працы. У гэтым кантэксце Пантыфік адзначыў важнасць барацьбы з карупцыяй.
Гаворачы пра сімвалізм солі Францішак заўважыў, што яна надае водар ежы. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што для міжчалавечага суіснавання не дастаткова толькі “арганізаваных і эфектыўных структур”, але патрэбны “водар салідарнасці” і такі важны “інгрыдыент” як клопат пра іншых. “Адчуванне адказнасці за кагосьці дае смак жыццю і дазваляе зразумець, што тое, што даём, насамрэч з’яўляецца дарам, які робім самі сабе”, - дадаў Святы Айцец.
Нагадваючы, што соль захоўвае прадукты ад сапсавання, Папа заклікаў славакаў бараніць свае лепшыя традыцыі ад сапсутасці “павярхоўнасцю спажывальніцтва і матэрыяльнага прыбытку”, а таксама ад “ідэалагічнай каланізацыі”. Ён параўнаў навязванне ўніфікаванага мыслення ў наш час, з тым што адбывалася ў часы камуністычнай дыктатуры, а таксама нагадаў пра шматлікіх славацкіх пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры, якія, нават будучы ў турмах, заставаліся свабоднымі ўнутры і давалі прыклад “адвагі, паслядоўнасці і супраціву несправядлівасці”, а ў першую чаргу прабачэння. “Гэта соль вашай зямлі”, - дадаў Пантыфік.
Напрыканцы прамовы Папа заклікаў пераадолець пандэмію, умацоўваючы “прыгажосць быцця разам”, што патрабуе цярплівасці і высілкаў, адвагі і дзялення, запалу і крэатыўнасці. “Але гэта чалавечая справа, якую благаслаўляе Неба”, - падкрэсліў Святы Айцец.