Пантыфік наведаў нацыянальны марыйны санктуарый у Славакіі
Аляксандр Панчанка – Pope
15 верасня 2021 г. раніцай Святы Айцец прыбыў у шашцінскую базыліку, дзе разам са славацкім біскупамі памаліўся перад цудатворнай драўлянай фігуркай Маці Божай Балеснай, якая трымае на руках нежывое цела Езуса. Да яе штогадова прыходзяць тысячы пілігрымаў не толькі з усёй Славакіі, але таксама з суседніх краін.
“Маці Касцёла і Суцяшальніца засмучаных, з даверам звяртаемся да Цябе ў радасцях і цяжкасцях нашага служэння. Паглядзі на нас ласкава і прымі ў свае абдымкі”, - прамовіў словы малітвы Папа.
Святы Айцец і біскупы разам даручылі апецы Багародзіцы Славакію і сваю біскупскую еднасць. “Адары нас ласкай жыцця з штодзённай вернасцю тымі словамі, якім Твой Сын Езус навучыў нас, і якія зараз, у Ім і з Ім, скіроўваем да Бога, нашага Айца”, - сказаў Пантыфік.
Пасля супольнай малітвы Ойча наш Францішак і славацкі епіскапат скіравалі сумесную просьбу да Бога, каб дазволіў Касцёлу “наследаваць Найсвяцейшую Панну Марыю ў сузіранні мукі Хрыста” і дапамог “праз Яе заступніцтва станавіцца ўсё больш і больш падобнымі да Яго Адзінароднага Сына і дасягнуць паўнаты Яго ласкі”.
Пасля малітвы Папа ўзначаліў св. Імшу на палявым алтары недалёка ад санктуарыя, якая стала кульмінацыйным пунктам яго чатырохдзённага візіту ў Славакію.