ҽ

Інтэнцыя Папы: евангелізаваць жыццёвым сведчаннем

На працягу кастрычніка Папа заклікае маліцца аб удзеле ўсіх ахрышчаных у евангелізацыйнай дзейнасці. Сваю інтэнцыю ён патлумачыў у відэароліку Сусветнай сеткі малітвы.

Аляксандр Панчанка – Pope

“Езус кліча ўсіх нас – таксама і цябе – быць місійнымі вучнямі. Ці гатовы ты?”, - спытаў на пачатку відэароліка Святы Айцец. Ён заўважыў, што дастаткова быць адкрытым на пакліканне Пана і жыць у еднасці з Ім “у самых штодзённых справах: на працы, падчас сустрэч, у штодзённых клопатах, у здарэннях кожнага дня, заўсёды дазваляючы Святому Духу весці сябе”.

“Калі цябе вядзе Хрыстус, калі робіш усё, бо Хрыстус кіруе табой, тады іншыя з лёгкасцю заўважаюць гэта”, - падкрэсліў Пантыфік, нагадваючы, што жыццёвае сведчанне вернікаў можа выклікаць захапленне і прымушае іншых людзей задаць сабе пытанне: “Як гэта магчыма?” ці “Адкуль гэты чалавек чэрпае любоў, з якой адносіцца да ўсіх, адкуль чэрпае добразычлівасць і добры настрой?”.

“Будзем памятаць, што місіянерства не з’яўляецца празелітызмам, але грунтуецца на сустрэчы паміж людзьмі, на сведчанні мужчын і жанчын, якія кажуць: “Я ведаю Езуса і хацеў бы, каб і ты ведаў Яго”, - сказаў Францішак.

“Браты і сёстры, молімся аб тым, каб кожны ахрышчаны быў уключаны ў евангелізацыю і гатовы да місіянерства праз сведчанне жыцця, якое мае смак Евангелля”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Папа.
 

30 верасня 2021, 16:01