Анёл Панскі: быць добрымі да іншых і пільнымі да сябе
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Папа спаслаўся на ўрывак Евангелля св. Марка (Мк 9, 38-41), які чытаюць у ХXVI Звычайную нядзелю, дзе гаворка ідзе пра вучняў, што забаранілі нейкаму чалавеку не з іх групы выганяць злых духаў у імя Езуса. Збаўца заклікае іх не перашкаджаць тым, хто робіць дабро, сачыць за сваім сэрцам, не паддавацца злу і не крыўдзіць іншых, - адзначыў Францішак.
Разважаючы над стаўленнем вучняў, Пантыфік падкрэсліў, што імкненне закрыцца, гэта заўсёды спроба трымаць у баку тых, хто думае не так, як мы. “Мы ведаем, што гэта крыніца многіх вялікіх няшчасцяў у гісторыі: абсалютызму, які часта прыводзіў да ўзнікнення дыктатур і вялікага гвалту над тымі, хто адрозніваецца”, - нагадаў Святы Айцец.
Папа заклікаў да пільнасці ў Касцёле і пераадолення спакусы судзіць і катэгарызаваць. “Няхай Бог зберажэ нас ад менталітэту “гнязда” – ад раўнівага хавання ў невялікай групе тых, хто лічыць сябе добрымі: святар са сваімі вернікамі, душпастырскія супрацоўнікі, замкнёныя ў сваім коле, каб ніхто не мог туды пракрасціся, рухі і асацыяцыі ў іх асаблівай харызме... Усё гэта рызыкуе ператварыць хрысціянскія супольнасці ў месцы падзелу, а не аб’яднання. Дух Святы не хоча закрытасці; Ён жадае адкрытасці, вітаючы супольнасці, дзе ёсць месца для ўсіх”, - падкрэсліў Папа.
Францішак заўважыў, што кожнаму з вернікаў пагражае спакуса строгага стаўлення да іншых, а паблажлівага – да сябе. “Памолімся Беззаганнай Панне Марыі, каб яна дапамагла нам быць добрымі да іншых і пільнымі да сябе”, - заахвоціў Святы Айцец перад малітвай Анёл Панскі.