Пантыфік заклікаў да тэрміновых экалагічных дзеянняў
Аляксандр Амяльчэня - Pope
З нагоды Сусветнага дня малітвы аб ахове стварэння і ініцыятывы Час стварэння, рэалізаванай штогод у першы месяц восені, Францішак падзякаваў Руху Laudato si' за яго “адданасць агульнаму для чалавецтва дому”.
“Плач зямлі і крык бедных становяцца ўсё больш сур'ёзнымі і трывожнымі і патрабуюць рашучых і тэрміновых дзеянняў, каб ператварыць гэты крызіс у магчымасць”, - адзначыў Папа 29 жніўня 2021 г., сустракаючыся з вернікамі на малітве Анёл Панскі.
Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння адзначаецца хрысціянамі ўсяго свету 1 верасня. З гэтага дня і да 4 кастрычніка, калі Касцёл успамінае св. Францішка Асізскага, трывае экуменічная ініцыятыва Час стварэння – перыяд абнаўлення веры ў Бога Стварыцеля і яднання ў малітве і ўчынках, накіраваных на ахову Зямлі.
Мэта Руху Laudato si', заснаванага ў 2015 г. пад натхненнем аднайменнай папскай энцыклікі, – спрыяць большаму клопату пра супольны дом і кліматычна-экалагічную справядлівасць.