Пантыфік правядзе Анёл Панскі з вакна рымскай клінікі
Аляксандр Панчанка – Pope
“Папа Францішак правёў спакойны дзень з нармальным клінічным працэсам. Ён надалей рэгулярна прымае ежу і працягвае планавае лячэнне”, - паінфармаваў журналістаў 9 ліпеня 2021 г. Матэа Бруні.
Афіцыйны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы заўважыў, што Папа прайшоўся па калідоры клінікі, а таксама “аднавіў працу, чаргуючы яе з момантамі чытання тэкстаў”. Апоўдні ён цэлебраваў св. Імшу ў капліцы сваёй прыватнай палаты, у якой прымалі ўдзел усе, хто дапамагае яму падчас шпіталізацыі.
У бліжэйшую нядзелю, 11 ліпеня 2021 г., Пантыфік правядзе малітву Анёл Панскі з вакна на дзясятым паверсе Універсітэцкай паліклінікі імя Агасціна Джэмэлі, - сказаў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, дадаўшы, што Папа “дзякуе за шматлікія паведамленні, з выказваннямі любові і блізкасці, якія штодзённа атрымлівае і просіць працягваць маліцца за яго”.