Пантыфік прапанаваў новы фармат Сусветнай сустрэчы сем’яў
Аляксандр Панчанка – Pope
Францішак заўважыў, што “падчас папярэдніх Сустрэч большая частка сем’яў заставалася дома” і форум успрымаўся “як далёкая падзея, за якой пераважна сачылі праз тэлебачанне, або ўвогуле была невядомай для большай часткі сем’яў”. Цяпер Сусветная сустрэча набудзе “невядомую раней форму”: яна стане “правідэнцыяльнай” магчымасцю, каб “правесці сусветную падзею, здольную ахапіць усе сем’і, якія жадаюць адчуць сябе часткай касцёльнай супольнасці”.
Папа патлумачыў, што Сустрэча будзе шматцэнтрычнай, дзякуючы чаму можна будзе ахапіць усе дыяцэзіяльныя супольнасці свету. Рым стане галоўным асяродкам, куды прыбудуць толькі некаторыя дэлегаты ад душпастырства сем’яў, каб узяць удзел у Фестывалі сем’яў, Душпастырскім кангрэсе і св. Імшы, што будуць трансліравацца на ўвесь свет.
Францішак заклікаў дыяцэзіяльныя супольнасці, там, дзе гэта будзе магчыма, “запланаваць ініцыятывы, адштурхоўваючыся ад тэмы Сустрэчы і выкарыстоўваючы сімвалы, якія рыхтуе Рымская дыяцэзія”. “Прашу вас быць жыццярадаснымі, актыўнымі, крэатыўнымі, каб арганізавацца разам з сем’ямі і ў сугуччы з тым, што будзе праходзіць у Рыме. Гаворка ідзе пра каштоўную нагоду для таго, каб сужонкі, сем’і і пастыры разам з запалам прысвяцілі сябе сямейнаму душпастырству”, - зазначыў Святы Айцец.
“Дарагія пастыры і дарагія сем’і, з адвагай дапамагайце адно аднаму ў арганізацыі Сустрэчы ў дыяцэзіях і парафіях на ўсіх кантынентах. У добры шлях да наступнай Сусветнай сустрэчы сем’яў! І не забывайце маліцца за мяне”, - завяршыў відэапасланне Пантыфік.
Сусветная сустрэча сем’яў адбудзецца з 23 па 26 чэрвеня 2022 г. у Рыме пад дэвізам: “Любоў у сям’і – пакліканне і шлях да святасці”. Форум праводзіцца ў розных гарадах свету кожныя тры гады, пачынаючы з 1994 г.