Ружанцовы “марафон” завяршыўся малітвай у Ватыканскіх садах
Аляксандр Панчанка – Pope
“Працягнем прасіць Пана, каб бараніў увесь свет ад пандэміі, і каб як мага хутчэй усім без выключэння была дадзена магчымасць знайсці паратунак з дапамогай вакцыны”, - маліўся Пантыфік перад копіяй абраза Маці Божай, якая развязвае вузлы, прывезенай з Германіі.
Ва ўрачыстай працэсіі ікона была дастаўлена на вызначанае месца ў Ватыканскіх садах і ўстаноўлена на пастаменце на фоне купала базылікі св. Пятра. Яе суправаджалі першакамунійныя дзеці з Вітэрба, моладзь, якая сёлета прыняла сакрамэнт канфірмацыі, скаўты, сем’і і манахіні, а ганаровую варту здзяйснялі папскія гвардзейцы і жандары. Узначальваў працэсію Біскуп Аўгсбургскі Бертрам Ёханес Маер.
Падчас ружанцовай малітвы Пантыфік даручыў Панне Марыі аздараўленне параненых адносін паміж людзьмі, праблему беспрацоўя, хатняга насілля і сацыяльнай напружанасці, хваробы і чалавечае развіццё, а таксама душпастырскія выклікі. Затым Францішак каранаваў абраз Багародзіцы каштоўнай каронай, зробленай у славутай ювелірнай майстэрні Fratelli Savi.
Ружанцовы марафон аб спыненні пандэміі праходзіў у Каталіцкім Касцёце з 1 па 31 мая. Яго адкрыў Папа малітвай у базыліцы св. Пятра. Затым кожны дзень Ружанец праводзіўся ў адным з трыццаці марыйных санктуарыяў свету. Вернікі з розных краін маглі ўдзельнічаць у ім, дзякуючы прамой трансляцыі ў эфіры ватыканскіх СМІ.