ҽ

Сустрэча Францішка з дэлегацыяй Сусветнай лютэранскай федэрацыі Сустрэча Францішка з дэлегацыяй Сусветнай лютэранскай федэрацыі 

Папа да лютэран: перачытаць мінулае ў прыміранай гісторыі

Аўгсбургскае веравызнанне натхніла прамову Францішка да дэлегацыі Сусветнай лютэранскай федэрацыі. Ён сустрэўся з паслядоўнікамі Марціна Лютэра 25 чэрвеня 2021 г. у Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Confessio Augustana уяўляла сабой спробу адвесці пагрозу расколу ў заходнім хрысціянстве. Першапачаткова яно задумвалася як унутрыкаталіцкі дакумент аб прымірэнні, толькі пазней набыло характар лютэранскага канфесійнага тэксту, - заўважыў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што ў першым артыкуле Confessio гучыць вызнанне веры ў Трыадзінага Бога, са спасылкай на Нікейскі Сабор. Нікейскае веравучэнне, заўважыў ён, з'яўляецца абавязковым вызнаннем веры не толькі для католікаў і лютэран, але і для праваслаўных братоў і для многіх іншых хрысціянскіх супольнасцей.

“Гэта агульны скарб: будзем жа працаваць над тым, каб 1700-годдзе гэтага вялікага Сабора ў 2025 г. дало новы імпульс экуменічнаму падарожжу, якое для нас з'яўляецца Божым дарам і незваротным шляхам”, - заклікаў Пантыфік.

Адзіны хрост дапамагае католікам і пратэстантам пераадольваць падзелы, паступова аздараўляць памяць, па-братэрску супрацоўнічаць. “Святы хрост – гэта першапачатковы Боскі дар, які з'яўляецца асновай усіх нашых рэлігійных намаганняў і любога імкнення да поўнага адзінства. Так, таму што экуменізм – гэта не практыкаванне касцёльнай дыпламатыі, а шлях ласкі”, - падкрэсліў Францішак.

У гэтым кантэксце ён заклікаў усіх, хто ўдзельнічае ў каталіцка-лютэранскім дыялогу, “упэўнена працягваць няспынную малітву, ажыццяўляць сумесную дабрачыннасць і натхняцца даследаваннямі, накіраванымі на большае адзінства паміж рознымі членамі Цела Хрыста”.

Хрыстус працягвае адчуваць боль, бачачы, як Яго вучні раз'ядноўваюцца, звярнуў увагу Францішак. Ён заклікаў сваіх гасцей “працягваць з запалам шлях ад канфлікту да камуніі”.

Папа спаслаўся на тэму наступнага этапу каталіцка-лютэранскага дыялогу, якая датычыцца разумення цесных сувязяў паміж Касцёлам, служэннем і Эўхарыстыяй. “Важна будзе глядзець з духоўнай і тэалагічнай пакорай на абставіны, якія прывялі да падзелаў, з упэўненасцю, што калі немагчыма адмяніць сумныя падзеі мінулага, можна перачытаць іх у прыміранай гісторыі”, - адзначыў ён.

“Дарагія браты і сёстры, шлях ад канфлікту да камуніі няпросты, але мы не адны – нас суправаджае Хрыстус”, - падкрэсліў Францішак.
 

25 чэрвеня 2021, 12:54