ҽ

Папа падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане Папа падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане 

Анёл Панскі: вера пачынаецца з усведамлення патрэбы ў Богу

Вера пачынаецца з упэўненасці ў тым, што нам не дастаткова саміх сябе, з адчування сябе людзьмі, якія патрабуюць Бога, - сказаў Папа перад малітвай Анёл Панскі 20 чэрвеня 2021 г. у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Pope

Францішак пракаментаваў евангельскае апавяданне пра суцішэнне Езусам буры (Мк 4,35-41). На човен, у якім вучні пераплывалі возера, абрынуўся моцны вецер і хвалі. У гэты момант Езус спакойна спаў на карме, але апосталы, напоўненыя страхам, усклікнулі да Яго: “Настаўнік, не хвалюе Цябе, што мы гінем?” (38)”, - нагадаў Святы Айцец.

“Таксама і мы, сутыкаючыся з жыццёвымі выпрабаваннямі, неаднаразова ўсклікалі да Пана: “Чаму маўчыш і нічога не робіш для мяне?”. Асабліва тады, калі нам здаецца, што тонем, бо руйнуецца любоў ці задумы, на якія пакладалі вялікую надзею; або, калі знаходзімся ва ўладзе няспынных хваль неспакою; або, калі адчуваем сябе прыгнечанымі праблемамі, або згубленымі ў моры жыцця, не маючы ні курсу ні порту. Ці таксама ў моманты, калі не хапае сіл, каб ісці наперад, бо не маем працы ці нечаканы дыягназ прымушае баяцца за здароўе наша або дарогай асобы. Ёсць шмат такіх момантаў, калі адчуваем сябе пасярод буры, калі больш не адчуваем сіл”, - сказаў Папа.

У такіх сітуацыях, таксама і мы адчуваем, што задыхаемся ад страху і падобна вучням, рызыкуем згубіць з поля зроку адну самую важную рэч. “У чоўне, нават калі і спіць, знаходзіцца Езус, падзяляючы са сваімі ўсё тое, што адбываецца. Яго сон, з аднаго боку здзіўляе нас, а з іншага – выпрабоўвае. Насамрэч, Пан, чакае, што мы заахвоцім Яго, паклічам Яго, паставім Яго ў цэнтр таго, што перажываем. Яго сон падштурхоўвае нас абудзіцца. Бо для таго, каб быць вучнямі Езуса, не дастаткова верыць у тое, што Бог ёсць, што існуе, але трэба ўвайсці кантакт з Ім, трэба таксама ўзняць голас да Яго, трэба крычаць да Яго. Вельмі часта малітва з’яўляецца крыкам: “Пане, ратуй мяне!”, - сказаў Францішак.

“Сёння мы можам спытацца ў сябе: якія вятры ўдараюць па маім жыцці, якія хвалі перашкаджаюць майму плаванню, ставяць пад пагрозу маё духоўнае жыццё, жыццё маёй сям’і, маё псіхічнае жыццё? Распавядзем пра ўсё гэта Езусу, раскажам Яму ўсё. Ён прагне гэтага, жадае, каб мы ўхапіліся за Яго, шукаючы паратунку ад анамальных жыццёвых хваляў. Евангелле распавядае, што вучні наблізіліся да Езуса, пабудзілі Яго і паразмаўлялі з Ім. Вось пачатак нашай веры: прызнаць, што самі мы не можам заставацца на плаве, што патрабуем Езуса як мараходы патрабуюць зорак, каб адшукаць курс. Вера пачынаецца з упэўненасці ў тым, што нам не дастаткова саміх сябе, яна пачынаецца з адчування сябе людзьмі, якія патрабуюць Бога. Калі перамагаем спакусу закрытасці ў сабе, калі пераўзыходзім фальшывую рэлігійнасць, якая не хоча ствараць нязручнасцей Богу, калі ўсклікаем да Яго, тады Ён можа рабіць цуды ў нас. Гэта ціхая і надзвычайная сіла малітвы, якая чыніць цуды”, - дадаў Святы Айцец.

“Езус, пасля просьбы вучняў, суцішыў вецер і хвалі, а потым задаў ім пытанне, якое тычыцца таксама і нас: “Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?” (40). Вучні былі ахоплены страхам, таму што былі больш засяроджаны на хвалях, чым на Езусе... Таксама адбываецца і з намі: як часта мы бываем засяроджанымі на праблемах, замест таго, каб пайсці да Езуса і аддаць нашы турботы Яму! Як часта мы пакідаем Пана ў закутку, на дне чоўна жыцця, каб абудзіць Яго толькі ў момант патрэбы! Папросім сёння аб ласцы веры, якая нястомна шукае Пана, стукае ў дзверы Ягонага сэрца. Няхай Панна Марыя, якая ў сваім жыцці ніколі не пераставала давяраць Богу, абудзіць у нас жыццёва важную патрэбу ў штодзённым даверы да Яго”, - завяршыў разважанне Папа.

20 чэрвеня 2021, 14:59

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >