ҽ

landscape-4684217_960_720aem.jpg

Францішак падтрымаў Дзесяцігоддзе ААН па аднаўленні экасістэм

Сапраўдны клопат пра навакольнае асяроддзе павінен спалучацца са шчырай любоўю да людзей і пастаяннай прыхільнасцю да праблем грамадства, - гаворыцца ў папскім пасланні да ААН.

Аляксандр Амяльчэня – Pope

Францішак прымеркаваў свае разважанні да Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя і Дзесяцігоддзя ААН па аднаўленні экасістэм на 2021-2030 гады. Пасланне Папы агучыў у відэа-роліку кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін.

“Мы ўсе – частка дару стварэння. Мы належым да прыроды, не існуём асобна ад яе. Пра гэта кажа нам Біблія. Цяперашняя экалагічная сітуацыя мабілізуе нас да тэрміновых дзеянняў, каб стаць адказнымі захавальнікамі стварэння і аднавіць прыроду, якой мы так доўга шкодзім і якую выкарыстоўваем. У адваротным выпадку ёсць рызыка знішчыць саму аснову, ад якой мы залежым”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак заклікаў “клапаціцца адно пра аднаго і самых слабых сярод нас”. “Працягваць гэты шлях эксплуатацыі і знішчэння – людзей і прыроды – несправядліва і неабдумана”, - падкрэсліў ён.

“Мы бачым, што крызіс прыводзіць да крызісу. Мы бачым знішчэнне прыроды і глабальную пандэмію, якая выклікае смерць мільёнаў людзей. Мы бачым несправядлівыя наступствы некаторых аспектаў нашых цяперашніх эканамічных сістэм і шматлікія катастрафічныя кліматычныя крызісы”

, - адзначыў Пантыфік.

Францішак бачыць надзею ў тым, што “чалавечая свабода здольная абмежаваць тэхніку, накіраваць яе, а таксама ўключыць у служэнне іншаму віду прагрэсу, больш здароваму і больш інтэгральнаму” (Laudato si, 112). Ён ухваліў шматлікія ініцыятывы па прасоўванні "інтэгральнай экалогіі", накіраванай на аднаўленне розных узроўняў экалагічнай раўнавагі: унутранага з самім сабой, салідарнага з іншымі, натуральнага з усімі жывымі істотамі, духоўнага з Богам.

Шматлікія "папярэджанні", сярод якіх COVID-19 і глабальнае пацяпленне, падштурхоўваюць чалавецтва дзейнічаць тэрмінова, - звярнуў увагу Папа. Ён спадзяецца, што саміт па змене клімату, які адбудзецца ў лістападзе ў Глазга, дапаможа даць правільныя адказы па аднаўленні экасістэм.

Паводле Францішка, наступіў момант, калі трэба пераглядзець эканамічныя падыходы. “Нам патрэбна "новае i паглыбленае разважанне над сэнсам эканомікі i яе мэтамі, a таксама сур’ёзная i дальнабачная рэвізія мадэляў развіцця, каб зрабіць карэкту іх неадпаведнага функцыянавання i дэфармацыі" (Бэнэдыкт XVI, Caritas in veritate, 32). Дэградацыя экасістэм – відавочны вынік эканамічнай дысфункцыі”, - адзначыў ён.

“Аднаўленне пашкоджанай намі прыроды – гэта, у першую чаргу, аднаўленне сябе. Станем жа спагадлівымі, творчымі і мужнымі, пачынаючы Дзесяцігоддзе ААН па аднаўленні экасістэм. Давайце дазволім сабе заняць належнае месца як "аднаўленчае пакаленне", - заклікаў Францішак, завяршаючы пасланне.

Дзесяцігоддзе ААН па аднаўленні экасістэм на 2021-2030 гады, якое праводзіцца Праграмай ААН па навакольным асяроддзі, Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй Аб'яднаных Нацый і партнёрамі, ахоплівае наземныя, прыбярэжныя і марскія экасістэмы. Гэта глабальны заклік да дзеяння, які мае на мэце аб'яднанне палітычнай падтрымкі, навуковых даследаванняў і фінансавых рэсурсаў для маштабнага аднаўлення.
 

04 чэрвеня 2021, 16:55