Папа: жыць адзінствам па прыкладзе Найсвяцейшай Тройцы
Аляксандр Панчанка – Pope
Бог ёсць любоў, таму нават будучы адным і адзіным, Ён не з’яўляецца самотнасцю, але еднасцю, - падкрэсліў Папа ў сваім разважанні перад малітвай Анёл Панскі з вернікамі, якія сабраліся 30 мая 2021 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.
Гаворачы пра прыроду Найсвяйцейшай Тройцы Пантыфік нагадаў, што любоў – гэта дар самаго сябе, таму Айцец дорыць сябе ў Сыне, Сын дорыць сябе Айцу, а іх узаемная любоў і повязь адзінства – гэта Святы Дух. Таямніцу Тройцы цяжка зразумець, але ёй трэба жыць, - дадаў Францішак.
Таямніца Тройцы была адкрыта самім Езусам, які паказаў нам “аблічча Бога як міласэрнага Айца”; прадставіў самаго Сябе, як “сапраўднага чалавека, Божага Сына і Слова Айца”; і распавёў пра Святога Духа, які “паходзіць ад Айца і Сына” і з’яўляецца “Духам Праўды, Духам Параклітам, гэта значыць нашым Суцяшыцелем і Абаронцам”, - сказаў Папа.
“І калі аб’явіўся апосталам пасля ўваскрасення, Езус паслаў іх евангелізаваць “усе народы і хрысціць іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога” (Мц 28,19). Такім чынам сённяшняе свята дапамагае нам сузіраць гэту цудоўную таямніцу любові і святла, ад якой паходзім, і да якой скіраваны наш зямны шлях”, - сцвердзіў Францішак.
“У евангельскім абвяшчэнні і ў кожнай форме хрысціянскай місіі немагчыма абстрагавацца ад гэтага адзінства, да якога заклікаў Езус – адзінства паміж намі па прыкладзе Айца, Сына і Святога Духа. Прыгажосць Евангелля патрабуе, каб мы перажывалі і сведчылі гэта адзінства і згоду паміж намі, якія з’яўляемся вельмі рознымі!”, - нагадаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што адзінства вельмі важнае для хрысціяніна, “бо нараджаецца з любові, з міласэрнасці Бога, з апраўдання ў Езусе Хрысце і з прысутнасці Святога Духа ў нашых сэрцах”.
“Найсвяцейшая Марыя, у сваёй прастаце і пакоры, адлюстроўвае прыгажосць Адзінага ў Тройцы Бога, бо цалкам прыняла Езуса ў сваё жыццё. Няхай Яна падтрымлівае нашу веру; робячы нас людзьмі, якія ўшаноўваюць Бога і служаць братам”, - пажадаў Святы Айцец.