Святы Айцец запрасіў у Ватыкан хрысціянскіх лідараў Лівана
Аляксандр Панчанка – Pope
“1 ліпеня я сустрэнуся ў Ватыкане з лідарамі хрысціянскіх супольнасцей Лівана, каб правесці дзень рэфлексіі над сітуацыяй у краіне, якая выклікае хваляванне, і каб маліцца разам аб дары міру і стабільнасці. Давяраю гэту інтэнцыю заступніцтву Маці Божай, якая вельмі шануецца ў санктуарыі ў Арысе, і з гэтага моманту прашу вас суправаджаць падрыхтоўку падзеі салідарнай малітвай, просячы аб больш спакойнай будучыні для гэтай умілаванай краіны”, - сказаў Папа.
Францішак таксама нагадаў, што 30 мая адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з рассеяным склерозам, а ў Італіі – Нацыянальны дзень суцяшэння. Ён заклікаў памятаць, што блізкасць – гэта “каштоўны алей, які дае падтрымку і суцяшэнне людзям, што пакутуюць ад хваробаў”.
Святы Айцец распавёў, што раніцай сустрэўся ў групай вернікаў, якія падарылі яму Біблію, перакладзеную на п’ячэнціна – дыялект італьянскай мовы, распаўсюджаны ў рэгіёне Эмілія-Раманья. У сувязі з гэтым Папа ў чарговы раз заклікаў вернікаў заўсёды мець Біблію пры сабе, каб штодзённа чытаць яе і такім чынам сустрэць Хрыста.