ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: абараніць дзяцей ад злоўжыванняў, якія знішчаюць дзяцінства

“Злоўжыванні адносна непаўналетніх – гэта пэўнага роду “псіхалагічнае забойства”, ад якога ўсе дзяржавы павінны абараняць дзяцей, - нагадаў Францішак.

Аляксандр Панчанка – Pope

15 мая 2021 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Клементыйскай зале Апостальскага палацу ў Ватыкане каля 50-ці прадстаўнікоў асацыяцыі Meter, якая на працягу больш чым 30 гадоў вядзе барацьбу з педафіліяй у Італіі і іншых краінах, а таксама аказвае дапамогу дзецям, якія сталі ахвярамі злоўжыванняў.

“За гэтыя гады, праз сваю шчодрую працу, вы дапамаглі зрабіць бачнай любоў Касцёла да самых малых і безабаронных. Колькі разоў, як евангельскі Добры самаранін, вы набліжаліся да іх з павагай і спачуваннем, каб прымаць, суцяшаць, абараняць! Блізкасць, спачуванне і ласкавасць – гэта стыль Бога. Колькі духоўных ран вы перавязалі! Касцёльная супольнасць удзячная вам за ўсё гэта”, - падкрэсліў Пантыфік.

Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Meter
Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Meter

Папа параўнаў асацыяцыю з гасцінным і бяспечным домам. “Вы былі і з’яўляецеся “домам” для шматлікіх дзяцей, параненых у іх нявіннасці або ператвораных у нявольнікаў праз эгаізм дарослых. Вы былі і з’яўляецеся “домам” надзеі, дапамагаючы вызваленню і аздараўленню многіх ахвяр. Таму заклікаю вас працягваць гэту годную грамадскую дзейнасць, надалей робячы свой каштоўны ўклад у служэнне на карысць абароны дзяцей”, - дадаў Пантыфік.

Францішак з жалем заўважыў, што дагэтуль не спыняюцца злоўжыванні адносна дзяцей: іх заманьваюць праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, выкарыстоўваюць на сайтах з дзіцячай парнаграфіяй. Ён пажадаў, каб у грамадстве ўмацоўвалася ўсведамленне адносна неабходнасці барацьбы з гэтай драматычнай рэальнасцю.

“Таксама сёння мы бачым, што ў сем’ях першай рэакцыяй часта становіцца затойванне ўсяго. Гэта здараецца таксама ў іншых структурах, у тым ліку ў Касцёле. Мы павінны змагацца з гэтай старой звычкай утойвання”, - дадаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што сексуальныя злоўжыванні адносна непаўналетніх з’яўляюцца “псіхалагічным забойствам” і ў шматлікіх выпадках “перакрэсліваннем дзяцінства”. “Таму абарона дзяцей ад сексуальнага выкарыстання – гэта абавязак усіх дзяржаў, пакліканых ідэнтыфікаваць як гандляроў людзьмі, так і зламыснікаў”, - сцвердзіў Пантыфік.

Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Meter
Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Meter

Францішак назваў як ніколі абавязковымі выкрыццё і прафілактыку выпадкаў злоўжыванняў у розных сферах грамадства: у школе, спартыўных, рэкрэацыйных і культурных асяроддзях, рэлігійных супольнасцях, а таксама сярод асобных людзей.

Напрыканцы прамовы Папа заклікаў сваіх гасцей без страху працаваць на карысць фармавання сумлення людзей і выкаранення культуры злоўжыванняў, а таксама ўмацоўваць сваю дзейнасць праз штодзённыя адносіны з Богам у асабістай і супольнай малітве, слуханні Божага слова і асабліва праз удзел у Эўхарыстыі, сакрамэнце адзінства і повязі любові.

15 мая 2021, 14:17