Пантыфік моліцца за ахвяр катастрофы на канатнай дарозе
Аляксандр Амяльчэня – Pope
“Святы Айцец Францішак з вялікім смуткам успрыняў навіну аб драматычнай аварыі, якая адбылася на канатнай дарозе Стрэза-Матаронэ. Ён хоча выказаць сем'ям ахвяр сваю блізкасць і сардэчнае спачуванне. Думаючы з вялікім перажываннем пра жыццё столькіх людзей, трагічна перапыненае ў момант захаплення імі стварэннем, ён запэўнівае ў малітве за тых, хто загінуў, за тых, хто іх аплаквае, і за маленькага Эітана, за далікатнай гісторыяй якога сочыць з непакоем. Яго Святасць асаблівым чынам падзяляе пакуты мясцовай супольнасці і дыяцэзіі Навара, адчувае блізкасць з дарагім італьянскім народам, ашаломленым гэтай сур’ёзнай трагедыяй”, - напісаў ад імя Папы кардынал П'етра Паралін.
Спачуванні Францішка былі накіраваны біскупу Навары Франка Джуліа Брамбіла.
Інцыдэнт адбыўся 23 мая 2021 г., у нядзелю, на канатнай дарозе вышынёй амаль 1,5 тыс. метраў, якая злучае населены пункт Стрэза на беразе возера Лага Маджорэ і гару Матаронэ.