ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Antiquum ministerium: Папа ўстанавіў паслугу катэхета

Antiquum ministerium – назва апублікаванага 11 мая 2021 г. motu proprio, з якім Папа ўстанавіў паслугу катэхета, вызначаючы яе як неадкладную неабходнасць евангелізацыі ў сучасным свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Сутыкаючыся з "глабалізаванай культурай", "неабходна прызнаць прысутнасць свецкіх вернікаў, якія ў сілу свайго хросту адчуваюць пакліканне да супрацоўніцтва ў служэнні катэхізацыі", - адзначыў Францішак. Ён таксама падкрэсліў важнасць "сапраўднай сустрэчы з маладым пакаленнем", а таксама "неабходнасць творчай метадалогіі і інструментаў, якія робяць абвяшчэнне Евангелля адпаведным місіянерскаму пераўтварэнню ў Касцёле".

Новае служэнне мае вельмі старажытнае паходжанне: аб ім гаворыцца ўжо ў Евангеллі св. Лукі і ў лістах апостала Паўла да Карынцянаў і Галатаў. З часоў Другога Ватыканскага Сабора расце ўсведамленне таго факту, што "задача катэхета надзвычай важная" і неабходная для "развіцця хрысціянскай супольнасці", настолькі, што нават сёння, многія "здольныя і настойлівыя катэхеты" выконваюць "незаменную місію ў перадачы і паглыбленні веры", даносячы да свету "прыгажосць, дабро і праўду хрысціянскай веры".

Сведка веры, настаўнік і спадарожнік, катэхет, - патлумачыў Папа, - пакліканы да душпастырскага служэння перадачы веры ад першага абвяшчэння да падрыхтоўкі да сакрамэнтаў хрысціянскай ініцыяцыі, аж да пастаяннай фармацыі. Служэнне катэхета ў свеце "робіць большы акцэнт на місіянерскіх абавязацельствах, характэрных для кожнага ахрышчанага", і павінна рэалізавацца "ў цалкам свецкай форме, не падвяргаючыся ніякім выразам клерыкалізацыі".

Служэнне катэхета таксама мае моцную каштоўнасць з пункту гледжання паклікання, таму патрабуе "належнай праніклівасці з боку біскупа" і спецыяльнага абраду ўстанаўлення, які Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў апублікуе ў бліжэйшы час.

У той жа час, - падкрэсліў Францішак, - катэхеты павінны: быць мужчынамі і жанчынамі "глыбокай веры і чалавечай сталасці"; актыўна ўдзельнічаць у жыцці хрысціянскай супольнасці; адзначацца здольнасцю "прыняцця, шчодрасці і жыцця ў братэрскіх зносінах"; быць падрыхтаванымі з біблейскага, тэалагічнага, душпастырскага і педагагічнага пункту гледжання; мець папярэдні досвед катэхізацыі; добрасумленна супрацоўнічаць са святарамі і дыяканамі, а таксама "жыць сапраўдным апостальскім энтузіязмам".

У сваім Апостальскім лісце Пантыфік запрасіў Канферэнцыі Біскупаў "зрабіць служэнне катэхетаў эфектыўным", усталяваўшы працэс фарміравання і нарматыўныя крытэрыі, неабходныя для кандыдатаў да прыняцця гэтай новай у Касцёле паслугі.

Паслуга (лац. ministerium) – гэта служэнне, даручанае біскупам верніку, з мэтай выконваць пэўныя задачы ў Касцёле; яна адрозніваецца ад сакрамэнтальнага пасвячэння. Абрад увядзення ў паслугу называецца ўстанаўленнем (лац. institutio). Да сённяшняга дня ў Каталіцкім Касцёле існавала дзве паслугі: лектарат і акалітат.
 

11 мая 2021, 11:30