ҽ

Папа Францішак падчас малітвы Уладарка Неба Папа Францішак падчас малітвы Уладарка Неба 

Regina Coeli: любоў Хрыста не выбарачная, яна ахоплівае ўсіх

Прыняць і наследаваць Добрага Пастыра, каб з радасцю супрацоўнічаць у Яго місіі, - заклікаў Святы Айцец перад малітвай Уладарка Неба, якая 25 красавіка 2021 г. прайшла ў Ватыкане.

Папа заўважыў, што ўрывак Евангелля на чацвёртую нядзелю Велікоднага перыяду, якая называецца Нядзеляй Добрага Пастыра, паказвае Езуса як сапраўднага пастыра, які бароніць, ведае і любіць сваіх авечак.

Хрыстус супрацьпастаўляецца “найміту”, для якога авечкі не маюць важнасці, бо не належаць яму. Ён выконвае сваю працу толькі за грошы, і не думае пра тое, каб бараніць статак: калі прыходзіць воўк, ён уцякае і кідае авечак. Езус, наадварот, з’яўляецца “сапраўдным пастырам, заўсёды абараняе і збаўляе нас у шматлікіх складаных, небяспечных сітуацыях святлом свайго слова і сілай сваёй прысутнасці, якую мы заўсёды адчуваем”, - сказаў Пантыфік.

Другая рыса Езуса Добрага Пастыра – Ён ведае сваіх авечак, а авечкі ведаюць Яго. Францішак нагадаў, што для Хрыста мы не з’яўляемся безыменнымі, не з’яўляемся “масай” ці “мноствам”, а ўнікальнымі асобамі, кожны са сваёй гісторыяй і каштоўнасцю, як стварэнні і як адкупленыя Хрыстом.

Толькі Езус ведае, што знаходзіцца ў сэрцы чалавека, ведае Яго намеры і самыя схаваныя пачуцці. “Езус ведае нашы добрыя якасці і нашы хібы, Ён заўсёды гатовы паклапаціцца пра нас, каб залячыць раны нашых памылак багаццем сваёй міласэрнасці. У Ім цалкам спаўняецца вобраз пастыра Божага народу, акрэслены прарокамі: Езус клапоціцца пра сваіх авечак, збірае іх, перавязвае параненую, даглядае хворую…”, - сказаў Папа.

“Езус Добры Пастыр бароніць, ведае, а ў першую чаргу, любіць сваіх авечак. Таму аддае за іх жыццё. Любоў да авечак, гэта значыць да кожнага з нас, прывяла Яго да смерці на крыжы, бо воля Айца была такой, каб ніхто не быў згублены. Любоў Хрыста не з’яўляецца выбарачнай, але ахоплівае ўсіх. Пра гэта нагадвае Ён сам у сённяшнім Евангеллі, калі кажа: “Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр” (Ян 10,16). Гэтыя словы сведчаць пра Яго ўсёахопную трывогу: Езус хоча, каб усе маглі прыняць любоў Айца і мець жыццё”, - падкрэсліў Францішак.

Паводле Папы, Касцёл пакліканы працягваць гэту місію Хрыста. “Акрамя тых, хто наведвае нашы супольнасці, ёсць большасць, шмат людзей, якія робяць гэта толькі ў асаблівых выпадках ці ніколі. Але, нягледзячы на гэта, яны з’яўляюцца Божымі дзецьмі: Айцец даверыў усіх Хрысту, Добраму Пастыру, які за ўсіх аддаў жыццё”, - дадаў Святы Айцец.

“Браты і сёстры, Езус бароніць, ведае і любіць кожную сваю авечку, усіх нас. Няхай Найсвяцейшая Марыя дапаможа прыняць і першымі наследаваць Добрага Пастыра, каб з радасцю супрацоўнічаць у Яго місіі”, - завяршыў сваё нядзельнае разважанне Пантыфік.
 

25 красавіка 2021, 12:29

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >