ҽ

Абразік з выявай бл. Хасэ Эрнандэса. Ілюстрацыйнае фота Абразік з выявай бл. Хасэ Эрнандэса. Ілюстрацыйнае фота 

Папа скіраваў пасланне на беатыфікацыю “доктара бедных”

Бл. Хасэ Эрнандэс – прыклад вернага вучня Хрыста, які зрабіў Евангелле крытэрыем свайго жыцця. Яго беатыфікацыя – гэта заклік да прымірэння паміж усімі венесуэльцамі, - падкрэсліў Пантыфік.

Аляксандр Панчанка – Pope

29 красавіка 2021 г. Папа скіраваў відэапасланне з нагоды беатыфікацыі Хасэ Грэгорыа Эрнандэса Сіснэраса – венесуэльскага медыка, навукоўца і члена Трэцяга францішканскага ордэна. Урачыстая цырымонія адбудзецца 30 красавіка ў Каракасе. Яе ўзначаліць Апостальскі нунцый у Венесуэле, арцыбіскуп Альда Джардана.

Святы Айцец прызнаўся, што яму не даводзілася сустракацца ў Ватыкане з венесуэльцамі, якія б не пыталіся аб тым, калі адбудзецца беатыфікацыя Эрнандэса Сіснераса.

“Доктар Хасэ Грэгорыа даецца нам, хрысціянам, і ўсім людзям добрай волі, як прыклад вернага вучня Хрыста, які зрабіў Евангелле крытэрыем свайго жыцця, які шукаў уласнае пакліканне, захоўваў запаведзі, штодзённа ўдзельнічаў у Эўхарыстыі, прысвячаў час малітве і верыў у вечнае жыццё”

, - сказаў Папа.

Францішак назваў благаслаўлёнага прыкладам “дабрыні, грамадзянскіх і рэлігійных цнотаў, адкрытасці, спагадлівасці перад абліччам болю, сціпласці і пакоры ў асабістым і прафесійным жыцці”. “Ён з’яўляецца прыкладам святасці, накіраванай на абарону жыцця” і чалавекам “паўсюднага служэння”, якое не выключае нікога.

Папа нагадаў, што адным з самых важных і прывабных аспектаў асобы доктара Эрнандэса было самаадданае служэнне іншым па прыкладзе Хрыста, які падчас Апошняй вячэры абмыў ногі апосталам і заклікаў сваіх вучняў абмываць ногі адзін аднаму. Гэта прадугледжвае ўзаемнае прыняцце, дапамогу, прабачэнне і любоў, - патлумачыў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што беатыфікацыя доктара  Эрнандэса праходзіць у асаблівы для Венесуэлы час, калі цяжкая грамадска-палітычная сітуацыя абцяжарана пандэміяй СOVID-19. Ён узгадаў пра шматлікіх ахвяр каронавіруса, пра людзей, якія пакінулі краіну ў пошуку лепшых умоў жыцця, пра тых, хто пазбаўлены свабоды і патрабуе самага неабходнага.

“Вы ўсе з’яўляецеся суграмадзянамі благаслаўлёнага і ўсе маеце роўныя правы. Я суправаджаю ўсіх вас з любоў. Я добра ведаю пра пакуты, а таксама пра веру і вялікія спадзяванні венесуэльскага народа”

, - дадаў Францішак.

Папа назваў беатыфікацыю доктара Эрнандэса Божым благаслаўленнем для ўсёй Венесуэлы. Гэта падзея заклікае да навяртання, большай салідарнасці, а таксама імкнення да агульнага дабра, “так неабходнага для адраджэння краіны пасля пандэміі ў духу прымірэння”.

“Я шчыра веру, што гэты момант нацыянальнага адзінства вакол асобы ўсенароднага ўрача з’яўляецца асаблівым часам для Венесуэлы, і ён патрабуе, каб вы ішлі далей, каб рабілі канкрэтныя крокі на карысць адзінства, не паддаваліся роспачы”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў венесуэльцаў, наследуючы прыклад доктара Эрнандэса, прызнаваць адзін аднаго роўнымі, братамі, дзецьмі адзінай Айчыны. Ён запэўніў у малітве аб супакоі і прымірэнні паміж жыхарамі Венесуэлы і выказаў жаданне наведаць гэту краіну.
 

30 красавіка 2021, 10:00