ҽ

Францішак у рымскім касцёле Санта-Спірыта-ін-Сасія Францішак у рымскім касцёле Санта-Спірыта-ін-Сасія 

Папа: Евангелле Божае ёсць Евангеллем міласэрнасці

“Папросім ласкі стаць сведкамі міласэрнасці”, - заахвоціў Святы Айцец падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 11 красавіка 2021 г., у нядзелю Божай Міласэрнасці, у рымскім касцёле Санта-Спірыта-ін-Сасія.

Францішак спаслаўся на евангельскі ўрывак Другой велікоднай нядзелі (Ян 20, 19-31), які распавядае пра з'яўленне Езуса вучням, у тым ліку Тамашу. Ён падкрэсліў, што апосталы спазналі міласэрнасць дзякуючы міру, Духу Святому і ранам Хрыста.

Дар міру вядзе вучняў ад раскаяння да місіі. Так адбываецца і сёння: мір Езуса рухае нас да місіі. Бо для Бога ніхто не дрэнны, ніхто не бескарысны, ніхто не выключаны. Больш за тое, Езус адорвае вучняў, якія адчувалі сваю віну, міласэрнасцю, даючы ім Духа Святога на адпушчэнне грахоў.

“Толькі Бог выдаляе грэх, толькі Ён сваёй міласэрнасцю выводзіць нас з глыбокіх няшчасцяў. Як і вучні, мы павінны дазволіць, каб нам даравалі. Прабачэнне ў Духу Святым – гэта дар Вялікадня для духоўнага ўваскрашэння. Папросім ласкі прыняць яго, прыняць сакрамэнт прабачэння”

, - сказаў Францішак.

Пантыфік дадаў, што споведзь – гэта сакрамэнт, які ўздымае. “Гэта сакрамэнт уваскрасення, гэта міласэрнасць у чыстым выглядзе. І тыя, хто слухае споведзь, павінны дазволіць тым, хто каецца, адчуць слодыч міласэрнасці”, - лічыць ён.

Святы Айцец таксама звярнуў увагу на важнасць трэцяга дару – ран Езуса. Бог палюбіў нас да канца, Ён зрабіў нашыя раны сваімі, насіў нашыя слабасці ў целе. “Яго светлыя раны пранізваюць цемру, якую мы нясём у сабе. І, як Тамаш, мы знаходзім Бога, выяўляем, што Ён побач з намі, і, расчуленыя, кажам: "Пан мой і Бог мой!" (Ян 20, 28). Усё пачынаецца з ласкі спазнання міласэрнасці. Тут пачынаецца хрысціянскае вандраванне. З іншага боку, калі мы будзем разлічваць на ўласныя навыкі, на эфектыўнасць нашых структур і праектаў, мы далёка не дойдзем. Толькі калі мы прымем Божую міласэрнасць, зможам даць свету нешта новае”, - адзначыў Папа.

Дакрананне да ран Пана перамяніла Яго вучняў: яны больш не баяліся дакранацца да ран патрабуючых, паколькі бачылі ў іх Езуса

, - дадаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў да паслядоўнага жыцця ў веры. “Паколькі мы спазналі міласэрнасць, павінны быць міласэрнымі. Бо калі любоў сканчаецца на нас саміх, то вера высыхае ў бясплённым унутраным перажыванні. Без бліжніх яна становіцца бесцялеснай. Без учынкаў міласэрнасці яна памірае (Ян 2, 17). Дазволім, каб мір, прабачэнне і раны міласэрнага Езуса ажывілі нас. І папросім ласкі стаць сведкамі міласэрнасці. Толькі так вера будзе жывой, а жыццё паслядоўным. Толькі так мы будзем абвяшчаць Евангелле Божае, якое ёсць Евангеллем міласэрнасці”, - сказаў Папа ў канцы гаміліі.
 

11 красавіка 2021, 12:29