Папа дасць старт малітоўнаму марафону супраць каронавіруса
Згодна з гарачым жаданнем Святога Айца, у маі будзе праходзіць малітоўная ініцыятыва пад назвай: Касцёл рупліва маліўся да Бога, - паінфармавала Папская рада па новай евангелізацыі.
Галоўнай інтэнцыяй ружанцовага марафону стане хуткае завяршэнне пандэміі каронавіруса. Як вядома, май у каталіцкай духоўнай традыцыі прысвечаны адмысловай малітве да Найсвяцейшай Панны Марыі.
На працягу мая, штодзённа ў 18.00 па рымскім часе, на афіцыйных медыя-каналах Апостальскай Сталіцы будзе трансліравацца малітва на Ружанцы з аднаго з трыццаці санктуарыяў свету. 1 мая 2021 г. Францішак асабіста дасць старт малітоўнай ініцыятыве, а 31 мая – завершыць яе.
З 11 сакавіка 2020 г., у якасці духоўнага суцяшэння падчас пандэміі, штодзённы ружанец праходзіць апоўдні, з панядзелка па суботу, у базыліцы св. Пятра. Малітву праводзіць кардынал Анджэла Камастры. Далучыцца да яе можна праз трансляцыю на італьянскай версіі партала Pope.
22 красавіка 2021, 10:04