ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік да моладзі: Бог шукае і кліча вас, як ніколі раней

“Бог дае знайсці сябе тым, хто шукае Яго ўсім сэрцам”, - напісаў Пантыфік у прадмове да кнігі кардынала Раньера Канталамесы “Францішак, менестрэль Божы” (Francesco giullare di Dio).

На старонках сваёй новай кнігі Прапаведнік папскага дома звяртаецца да моладзі, распавядаючы гісторыю Асізскага Бедняка праз прызму жыцця бл. Пацыфіка з Чэрана – італьянскага францішканіна і сярэднявечнага паэта.

Звяртаючыся да юнакоў і дзяўчат Папа нагадаў словы з Евангелля св. Мацвея “Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам” (7,7). Ён падкрэсліў, што гэты заклік Хрыста застаецца актуальным таксама і сёння, а Бог адкрываецца тым, хто Яго шукае.

Святы Айцец зазначыў, што Бог заўсёды паважае свабоду чалавека. “Мы не атрымліваем веру аўтаматычна, як дар, пазбаўлены нашага ўдзелу. Бог заклікае да таго, каб мы ўключыліся ў яе пошук усім сваім сэрцам. Гэта дар, які прагне быць жаданым. Насамрэч, гэта Любоў, якая прагне любові”, - напісаў Францішак.

Папа нагадаў, што бл. Пацыфік з Чэрана шукаў Хрыста і знайшоў Яго, дзякуючы сустрэчы са св. Францішкам з Асізі, якая стала для яго сапраўдным землятрусам, падобным на здарэнне, якое адбылося са св. Паўлам на дарозе ў Дамаск. “Калі Пан кліча, Ён не жадае кампрамісаў ці якіх-кольвечы выпрабаванняў з нашага боку, але радыкальнага адказу”, - заўважыў Папа, падкрэсліваючы, што пасля навяртання Пацыфік з Чэрана стаў цалкам іншым чалавекам.

На думку Святога Айца, новая кніга кардынала Канталамесы можа стаць вельмі карыснай для духоўнага жыцця. “Бог не перастае клікаць, і магчыма сёння, як ніколі раней, дае пачуць свой голас”, - заўважыў Францішак, падкрэсліваючы, што для таго, каб пачуць голас Пана неабходна зрабіць цішу вакол сябе.

“Калі знойдзеш адвагу, каб адкінуць тое, на што пакладаеш надзею, і адкрыешся на Яго, тады раскрыецца перад табой новае святло, а ты сам станеш святлом для іншых”, - напісаў у Францішак у прадмове да новай кнігі Прапаведніка Папскага дома.
 

08 красавіка 2021, 10:39