ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Шыіцкі шэйх: візіт Папы ў Ірак – унікальная гістарычная падзея

Шэйх Абас, кіраўнік адной з самых аўтарытэтных медрэсэ ў Наджафе, не хавае свайго захаплення Францішкам і дзякуе за яго адкрытасць да іншых рэлігій.

“Папа прынёс пасланне міру паміж рэлігіямі, заахвочваючы людзей розных веравызнанняў да мірнага суіснавання", - адзначыў ён.

Сустрэча Францішка з Аль-Сістані, якую шэйх Абас назваў "унікальнай гістарычнай падзеяй", безумоўна, мела вырашальнае значэнне. “Упершыню аятала сустрэўся з Пантыфікам, і гэта мела вялікае значэнне. Больш за тое, сустрэча прайшла без пратакола, і самае цудоўнае, што яна мела выключна рэлігійны аспект, у ёй не было палітыкі”, - заўважыў шэйх, падкрэсліваючы, што ўся папская пілігрымка мела выключна рэлігійны характар і была пазбаўлена палітычнай мэты.

"Ад гэтага выйграе ўсё чалавецтва", - лічыць ён. "Пасланне сустрэчы Францішка і Аль-Сістані павінны пачуць палітыкі. Ім важна разумець, што трэба пазбягаць войнаў паміж людзьмі з прычыны нацыянальных або рэлігійных адрозненняў і змагацца з несправядлівасцю ва ўсім свеце", - падкрэсліў Абас.

Шэйх таксама перакананы, што Францішак і Аль-Сістані знайшлі агульную мову, паколькі ў іх шмат агульнага. "Калі я прачытаў пра Папу, зразумеў, наколькі ён сціплы і як блізкія да яго бедныя. Ён мае такі ж характар, як і Аль-Сістані. Найвялікшыя асобы сучаснага свету сустрэліся і далі ўсяму свету ўрок сціпласці, прастаты і сумленнасці", - сказаў шэйх.

Абас спадзяецца, што прыезд Папы і яго сустрэча з аяталой будуць мець доўгатэрміновыя наступствы. "Гэта першы крок, які адкрые новыя перспектывы. Убачым, што будзе далей, у іх абодвух шмат паслядоўнікаў па ўсім свеце, і напэўна сувязь паміж шыітамі і іх братамі-хрысціянамі ўмацуецца", - заўважыў іракскі шэйх.
 

11 сакавіка 2021, 11:08