ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: стыль Бога – ласкавасць, спагада і блізкасць

Мы пакліканы да любові, якая дапаможа беднаму адчуць сябе нашым братам, - падкрэсліў Папа падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Францішканскага цэнтру салідарнасці, які з 1983 г. дзейнічае ў Фларэнцыі.

Сустрэча адбылася 1 сакавіка 2021 г. у Клементыйскай зале Апостальскага палацу ў Ватыкане. Пантыфік падзякаваў сваім гасцям за служэнне людзям, што апынуліся ў цяжкой эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі, у прыватнасці сем’ям, пажылым і няпоўнаспраўным асобам.

Францішак заўважыў, што стыль Бога ў адносінах да чалавека можна выразіць з дапамогай трох слоў: ласкавасць, спагада і блізкасць. Такі самы падыход, на яго думку, павінны мець людзі, якія дапамагаюць патрабуючым. “У свеце, схільным бегчы на двух хуткасцях, адна з якіх стварае багацце, а іншая – няроўнасць, вы з’яўляецеся эфектыўнай дабрачыннай ініцыятывай, якая грунтуецца на валанцёрстве і позірку веры. Вы адносіцеся да тых, хто сее зерні Божага Валадарства”, - сказаў Святы Айцец.

Папа нагадаў пра спагадлівыя адносіны Езуса да ранаў людзей і Яго блізкасць да бедных, маргіналізаваных, спісаных ва ўтыль, да людзей, якія трапілі ў роспач, пакінутых і прыгнечаных.

Хрыстус заахвочвае “бараніць і падтрымліваць годнасць кожнага чалавека, а таксама кліча будаваць чалавечыя, сацыяльныя і эканамічныя ўмовы, пры якіх ніхто не будзе сустракацца з адчужэннем і растаптаннем сваіх фундаментальных правоў, ніхто не будзе пакутаваць ад недахопу матэрыяльнага хлебу ці ад самотнасці”, - дадаў Святы Айцец.

“У вашай дзейнасці вы натхняецеся сведчаннем св. Францішка Асізскага, які жыў паўсюдным братэрствам, усюды сеяў спакой і крочыў побач з беднымі, пакінутымі, хворымі, адкінутымі, апошнімі. Намагаючыся ісці за яго прыкладам, вы амаль на працягу 40 гадоў выконваеце  служэнне, якое з’яўляецца канкрэтным знакам надзеі, а таксама знакам супраціву сярод хуткага гарадскога жыцця, дзе шмат людзей апынаюцца сам на сам са сваёй беднасцю і пакутамі. Гэта знак, якія абуджае сонныя сумленні і заахвочвае выходзіць з абыякавасці, мець спагаду да параненых, з ласкавасцю схіляцца над тымі, хто прыгнечаны цяжарам жыцця”, - сказаў Папа.

Завяршаючы зварот, Францішак заўважыў, што для дапамогі бедным “нашых добрых сэрцаў і чалавечых сіл недастаткова”. “Перш чым рабіць штосьці і акрамя гэтага, калі знаходзімся перад беднай асобай, мы пакліканы да любові, якая дапаможа ёй адчуць сябе нашым братам, нашай сястрой, а гэта магчыма дзякуючы Хрысту, прысутнаму ў гэтай асобе”, - сказаў Святы Айцец.
 

01 сакавіка 2021, 14:31