ҽ

Папа падчас сустрэчы з Абдулой Курдзі Папа падчас сустрэчы з Абдулой Курдзі 

Францішак сустрэўся з бацькам сям’і мігрантаў, якая загінула

7 сакавіка 2021 г., пасля завяршэння ўрачыстай св. Імшы на стадыёне ў Эрбіле, Папа сустрэўся з Абдулой Курдзі, бацькам трохгадовага Алана, які разам са сваім братам і маці патануў у Міжземным моры на шляху ў Еўропу.

Сям’я Абдулы і яшчэ каля 20 мігрантаў загінулі 2 верасня 2015 г., калі лодка перавярнулася недалёка ад грэчаскага вострава Кос. Цела Алана было знойдзена на ўзбярэжжы Турцыі. Фотаздымак абляцеў увесь свет і стаў сімвалам трагічнага лёсу мігрантаў.

Папа пачуў поўны болю аповед бацькі і запэўніў, што Бог ведае пра яго пакуты. Абдула Курдзі падзякаваў Францішку за словы падтрымкі і “блізкасць да ўсіх мігрантаў, якія шукаюць разумення, міру і бяспекі, пакідаючы сваю краіну з рызыкай для жыцця”, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Праз некалькі дзён пасля трагічнай гібелі Алана, 6 сакавіка 2015 г., Францішак звярнуўся з заклікам да парафій, рэлігійных супольнасцей, кляштараў і санктуарыяў ва ўсёй Еўропе прыняць па адной сям’і бежанцаў.

“Перад абліччам трагедыі дзясяткаў тысяч бежанцаў, якія ўцякаюць ад смерці з прычыны вайны і голаду і знаходзяцца на шляху да надзеі на жыццё, Евангелле заклікае нас стаць “бліжнімі” для самых малых і пакінутых, даць ім канкрэтную надзею, а не толькі пажадаць: “Адвагі і цярпення!”, - заўважыў тады Святы Айцец.
 

08 сакавіка 2021, 10:39