ҽ

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане 

Пантыфік: адкрыць сэрцы на любоў і прабачэнне Бога

Прыняць Божае святло ў сумленне і адкрыць сэрцы на любоў Пана, - заклікаў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 14 сакавіка 2021 г. прайшла ў Ватыкане.

Пантыфік нагадаў, што ў чацвёртую нядзелю Вялікага посту літургія заклікае да радасці. Яна нагадвае пра любоў Бога, які “аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16). “Гэта радаснае пасланне з’яўляецца сэрцам хрысціянскай веры: Божая любоў дасягнула вяршыні ў дары Сына чалавецтву, слабому і грэшнаму”, - сказаў Святы Айцец.

Каментуючы начны дыялог паміж Езусам і Нікадэмам, Францішак заўважыў, што апошні чакаў Месію, “атаясамліваючы яго з моцным чалавекам, што будзе судзіць свет з магутнасцю”.

“Езус жа разбурыў гэта чаканне, прадстаўляючы сябе пад трыма аспектамі: Сына чалавечага, які будзе ўзняты на крыжы; Сына Божага, пасланага для збаўлення свету; і святла, якое распазнае тых, хто ідзе за праўдай, і тых, хто ідзе за хлуснёй”, - сцвердзіў Папа.

Прыйсце Езуса ў свет ставіць чалавека перад выбарам: той, хто выбера цемру, будзе асуджаны, а хто выбера святло – збаўлены. “Асуджэнне – гэта заўсёды наступства свабоднага выбару кожнага чалавека: той, хто робіць злыя ўчынкі, той шукае цемру, зло, якое заўсёды хаваецца. Той, хто жыве ў праўдзе, гэта значыць чыніць дабро, той выходзіць на святло, асвятляе жыццёвыя шляхі. Чалавек, які ходзіць у святле, які набліжаецца да святла, не можа не рабіць добрыя справы”, - сказаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што Вялікі пост ставіць перад вернікамі заданне: “прыняць святло ў наша сумленне, каб адкрыць нашы сэрцы на бязмежную любоў Бога, на Яго міласэрнасць, поўную ласкавасці і дабрыні, на Яго прабачэнне”. Такім “можна знайсці сапраўдную радасць і цешыцца Божым прабачэннем, якое стварае нанова і адарае жыццём”, - сказаў Папа.

14 сакавіка 2021, 14:26

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >