ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: звернемся да крыніцы Божай міласэрнасці

Быць знакам прысутнасці Езуса Міласэрнага для ўсіх, - заклікаў Святы Айцец у пасланні да Біскупа Плоцку Пятра Ліберы. Ён заахвоціў вернікаў сустрэцца з міласэрнасцю Пана ў сакрамэнтах.

Папа скіраваў ліст з нагоды 90-годдзя першага аб’яўлення Езуса Міласэрнага св. Фаўстыне Кавальскай. Яно адбылося ў польскім Плоцку 22 лютага 1931 г. Святы Айцец запэўніў у сваёй малітве ўдзельнікаў урачыстых цэлебрацый, якія праходзяць у мясцовым санктуарыі Божай Міласэрнасці, і ўсіх, хто ўдзельнічае ў іх з дапамогай сродкаў камунікацыі.

Францішак нагадаў просьбу Езуса да с. Фаўстыны: “Намалюй абраз паводле выявы, якую ты бачыш, з подпісам: “Езу, давяраю Табе”. Прагну, каб гэты абраз быў шанаваны найперш у вашай капліцы і ва ўсім свеце” (Дз., 47)

“Падзяляю радасць Касцёла ў Плоцку ў сувязі з тым, што гэта надзвычайнае здарэнне ўжо вядома ва ўсім свеце і застаецца жывым у сэрцах вернікаў. З нагоды гэтага юбілею я хацеў бы нагадаць іншыя словы Пана Езуса, запісаныя святой у яе Дзённіку: “Не зведае чалавецтва спакою, пакуль не звернецца да крыніцы Маёй міласэрнасці” (Дз., 699), - зазначыў Папа.

“Таму – заклікаю: звернемся да гэтай Крыніцы. Будзем прасіць Езуса аб дары міласэрнасці. Няхай яна агорне і прасякне нас. З адвагай вернемся да Езуса, каб сустрэць Яго любоў і міласэрнасць у сакрамэнтах. Адчуем Яго блізкасць, ласкавасць, і тады, таксама і мы, будзем больш здольнымі да міласэрнасці, цярплівасці, прабачэння і любові”, - дадаў ён.

Францішак падкрэсліў, што “апостал Міласэрнасці”, св. Ян Павел ІІ, прагнуў, каб пасланне аб міласэрнай любові Бога дасягнула ўсіх жыхароў зямлі, бо менавіта ў ім “свет знойдзе спакой, а чалавек – шчасце”. У сувязі з гэтым Папа заклікаў “несці свету агонь Езуса Міласэрнага” і быць “знакам Яго прысутнасці” для ўсіх.
 

22 лютага 2021, 11:33