ҽ

Папа Францішак і шэйх Ахмед Эль Таеб Папа Францішак і шэйх Ахмед Эль Таеб  

Папа: усеагульнае братэрства – новая мяжа чалавецтва

Ці будзем братамі, ці знішчым адзін аднаго, - папярэдзіў Папа падчас анлайн-сустрэчы, якая прайшла 4 лютага 2021 г. Нагодай стаў першы Міжнародны дзень чалавечага братэрства.

Падзея была арганізавана па ініцыятыве наследнага прынца Абу-Дабі, шэйха Мухамеда бэн Заіда Эль Нахаяна. У ёй бралі ўдзел Вялікі імам універсітэта Аль Азхар у Каіры, шэйх Ахмед Эль Таеб, Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, іншыя рэлігійныя, грамадскія і палітычныя дзеячы.

Пантыфік звярнуўся да ўдзельнікаў, падкрэсліваючы тэрміновую неабходнасць пабудовы братэрства ў эпоху абыякавасці, раўнадушша і аддалення людзей адно ад аднаго. Братэрства – гэта “новая мяжа чалавецтва”, а яго будаванне – “выклік нашых часоў”, - сцвердзіў ён.

Папа заўважыў, што братэрства азначае працягнутую да іншага чалавека руку, узаемапавагу, слуханне з адкрытым сэрцам. Яно азначае таксама “трываласць у сваіх перакананнях”, якія не могуць станавіцца аб’ектам перамоў.

“Мы – браты, народжаныя ад аднаго Айца. Маем розныя культуру і традыцыі, але ўсе з’яўляемся братамі”, - заўважыў Францішак. Ён прапанаваў будаваць братэрства на аснове павагі да гэтых адрозненняў.

Папа лічыць, што настаў час для слухання і шчырага прыняцця іншага, бо “свет без братоў – гэта свет ворагаў”. “Хачу падкрэсліць гэта. Мы не можам казаць: ці браты, ці не браты. Скажам выразна: ці браты, ці ворагі. Таму што раўнадушнасць – гэта вельмі тонкая форма варожасці. Няма патрэбы ў вайне, каб стаць ворагамі. Дастаткова быць раўнадушнымі”, - сказаў Францішак.

Пантыфік звярнуўся да лаўрэатаў сёлетняй Прэміі Заіда “Чалавечае братэрства”, якімі сталі Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш і французская актывістка мараканскага паходжання, якая дапамагае маладым мігрантам інтэгравацца ў французскае грамадства, Лаціфа ібн Зіатэн. Ён падзякаваў ім за намаганні на карысць міру і сведчанне любові, чалавечнасці і братэрства.
 

04 лютага 2021, 15:03