ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: эканоміка без гандлю людзьмі – гэта мужная эканоміка

У 7-ы Міжнародны дзень малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі Францішак заклікаў да пабудовы эканамічнай мадэлі, прыярытэтам якой з’яўляецца клопат пра людзей і прыроду. Ён запісаў адмысловае відэа.

Папа прызнаўся, што мэта Дня, устаноўленага ім ў 2015 г., па сутнасці, заключаецца ў тым, каб кожны заняволены чалавек пачаў быць “свабодным героем уласнага жыцця і актыўнай часткай пабудовы агульнага дабра”.

Францішак падзяліўся некалькімі ідэямі, звязанымі з тэмай сёлетняга Дня: "Эканоміка без гандлю людзьмі".

Эканоміка павінна быць клапатлівай адносна людзей і прыроды, - звярнуў увагу Папа. Яна павінна ствараць магчымасці працаўладкавання, але без пагаршэння ўмоў працы і празмернага прадаўжэння працоўнага часу.

“Такім чынам, эканоміка клопату азначае эканоміку салідарнасці: мы працуем на трываласць, якая спалучаецца з салідарнасцю. Мы перакананыя, што салідарнасць, якой добра кіруюць, стварае больш бяспечную і трывалую сацыяльную канструкцыю”, - адзначыў Святы Айцец.

Эканоміка без гандлю людзьмі, нагадаў Францішак, гэта эканоміка з рынкавымі правіламі, якія садзейнічаюць справядлівасці, а не выключным прыватным інтарэсам. На жаль, гандаль людзьмі знаходзіць урадлівую глебу ў падыходах неаліберальнага капіталізму, у дэрэгуляцыі рынкаў, якая накіравана на максімізацыю прыбытку без этычных, сацыяльных, экалагічных абмежаванняў. Людзі ў такім падыходзе – толькі адна з лічбаў, аб’ект выкарыстання.

Эканоміка без гандлю людзьмі – гэта мужная эканоміка, - звярнуў увагу Папа. І гаворка ідзе не пра нядобрасумленнасць і рызыкоўныя аперацыі ў пошуках лёгкага прыбытку, наадварот, гэта дзёрзкасць планавання на сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектыву і, перш за ўсё, з увагай да чалавека. Смеласць заключаецца ў “спалучэнні законнага прыбытку са стымуляваннем занятасці і годнымі ўмовамі працы”.

Францішак заклікаў маліцца праз заступніцтва св. Джузэпіны Бакіты “за кожнага чалавека, які ў нашы дні з'яўляецца ахвярай гандлю людзьмі”.
 

08 лютага 2021, 14:29