Анёл Панскі: Францішак перасцярог ад духоўнай ляноты
Каментуючы апісанне перамянення Езуса на гары ў прысутнасці трох вучняў, Францішак адзначыў, што падзея прадвяшчае ўваскрасенне Збаўцы і дае спалоханым апосталам “святло для вандроўкі праз цемру: смерць не будзе канцом усяго, бо яна адкрыецца на славу Уваскрасення”.
Папа заўважыў, што “часам мы праходзім праз хвіліны цемры ў асабістым, сямейным ці грамадскім жыцці, і баімся, што з гэтага няма выхаду”. “Мы адчуваем жах перад вялікімі пытаннямі, такімі як хвароба, пакута нявінных або таямніца смерці. На шляху веры мы часта губляемся, сутыкаючыся са скандалам крыжа і патрабаваннямі Евангелля, якое просіць нас прысвяціць сваё жыццё служэнню і страціць яго ў любові, а не захоўваць для сябе і абараняць. Таму нам патрэбна іншая перспектыва, святло, якое глыбока асвятляе таямніцу жыцця і дапамагае нам выходзіць за рамкі нашых схем і крытэрыяў гэтага свету. Таксама і мы пакліканы падняцца на гару, каб палюбавацца прыгажосцю Уваскрослага, Які запальвае прамяні святла ў кожны момант нашага жыцця і дапамагае нам інтэрпрэтаваць гісторыю на аснове Яго велікоднай перамогі”, - адзначыў Святы Айцец.
Аднак Пантыфік папярэдзіў, што пачуццё, выказанае апосталам Пятром – “добра нам тут быць” – “не павінна ператварыцца ў духоўную ляноту”. “Мы не можам заставацца наверсе і ў адзіноце атрымліваць асалоду ад шчасця гэтай сустрэчы. Сам Езус вяртае нас у даліну, да нашых братоў і сясцёр, у наша паўсядзённае жыццё”, - звярнуў увагу Францішак.
Падняцца на гару не азначае забыцца на рэальнасць, - падкрэсліў Папа. Малітва ніколі не азначае пазбягання жыццёвых цяжкасцей, а святло веры не служыць прыгожым духоўным эмоцыям. “Мы пакліканы перажыць сустрэчу з Хрыстом, каб, азораныя Яго святлом, маглі несці яго і ззяць усюды. Запальваць маленькія агеньчыкі ў сэрцах людзей, быць маленькімі агеньчыкамі Евангелля, якія прыносяць крыху любові і надзеі – гэта місія хрысціяніна”, - заўважыў Францішак.