ҽ

Францішак падчас Анёл Панскі Францішак падчас Анёл Панскі 

Анёл Панскі: думаць пра іншых – прыкмета сапраўднага “здароўя”

Клопат пра хворага з’яўляецца для Касцёла не “неабавязковай дзейнасцю” ці нечым дапаможным, а неад'емнай часткай місіі, - заўважыў Пантыфік 7 лютага 2021 г., падчас сустрэчы з вернікамі на Анёл Панскі.

Францішак падзяліўся сваім разважаннем над евангельскім фрагментам аб вылячэнні Езусам цешчы Пятра (Мк 1, 29-39). Ён заўважыў, што адносіны і жэсты Збаўцы адносна яе з’яўляюцца знакавымі: “Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І прайшла ў яе гарачка; і жанчына пачала служыць ім”.

“Гаючая сіла Хрыста не сустракае супраціву; і вылечаны чалавек аднаўляе сваё звычайнае жыццё, адразу думаючы пра іншых, а не пра сябе – і гэта істотна, гэта прыкмета сапраўднага "здароўя"!”

, - адзначыў Святы Айцец.

У той дзень Езус “аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў”. Ён з самага пачатку праяўляе сваю прыхільнасць да людзей, якія пакутуюць целам і духам: “гэта прыхільнасць Айца, якую Ён увасабляе і выяўляе ўчынкамі і словамі”.

Хрыстус хацеў, каб Яго вучні, якія былі відавочцамі ўсяго, не толькі назіралі за Яго місіяй: Ён залучаў іх, высылаў, даваў ім сілу аздараўлення хворых і выгнання дэманаў (Мц 10, 1; Мк 6, 7).

“І гэта бесперапынна працягваецца ў жыцці Касцёла да сённяшняга дня. Клопат пра кожнага хворага не з’яўляецца для Касцёла “неабавязковай дзейнасцю”, нечым дапаможным, не, гэта – неад'емная частка яго місіі, як і Езусавай: дарыць Божую пяшчоту чалавецтву, якое пакутуе”, - падкрэсліў Пантыфік. На яго думку, гэта становіцца актуальным падчас пандэміі.

“Голас Ёва, які гучыць у сённяшняй літургіі, зноў становіцца тлумачальнікам нашага чалавечага стану, адзначанага высокай годнасцю і адначасова крохкасцю”

, - заўважыў Папа.

На пытанне: чаму так адбываецца?, Езус адказвае “не тлумачэннем, а прысутнасцю любові, якая нахіляецца, бярэ за руку і прымушае ўстаць, як гэта адбылося з цешчай Пятра”.

“І сённяшняе Евангелле таксама нагадвае нам, што гэта спачуванне бярэ свае карані ў глыбокіх адносінах з Айцом: да світання і пасля заходу сонца Езус сыходзіць і моліцца ў адзіноце. Адтуль Ён чэрпаў сілы, каб выконваць сваё служэнне, прапаведаваць і лячыць”, - заўважыў Францішак.

На заканчэнне свайго разважання Пантыфік звярнуўся з просьбай да Багародзіцы, каб Яна дапамагла кожнаму “дазволіць Езусу вылечыць сябе” і, дзякуючы гэтаму, заставацца “сведкамі Божай гаючай пяшчоты”.
 

07 лютага 2021, 12:04