ҽ

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа запісаў відэапасланне да духавенства Венесуэлы

Папа скіраваў відэапасланне да біскупаў, дыяцэзіяльных святароў і законнікаў Венесуэлы, якія 19-20 студзеня 2021 г. прымаюць удзел у анлайн-сустрэчы, прысвечанай душпастырскаму служэнню ва ўмовах пандэміі.

Святы Айцец прызнаўся, што ў гэты складаны час яму ўзгадваецца евангельскі ўрывак пра тое, як вучні, вяртаючыся з місіі, на якую былі пасланы Хрыстом, распавядалі пра ўсё, што рабілі і чаму навучалі (пар. Мк 6, 30-31). Потым Езус запрашаў іх пайсці адных у пустыннае месца і крыху адпачыць.

Францішак заўважыў, што пастыры Касцёла павінны быць актыўнымі ў актуальным кантэксце, але не павінны дзейнічаць у адзіночку, ізалявана, самадастаткова, рэалізуючы свае асабістыя планы. “Неабходна заўсёды вяртацца да Езуса”, яднацца ў сакрамэнтальным братэрстве, з упэўненасцю, што гэта Ён збаўляе, а мы з’яўляемся “толькі прыладамі ў Яго руках”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на два прынцыпы, “якія гарантуюць развіццё Касцёла”: любоў да бліжняга і служэнне адно аднаму. Яны цесна звязаны з двума сакрамэнтамі, якія Езус устанавіў падчас Апошняй Вячэры, і якія з’яўляюцца фундаментам Яго паслання: Эўхарыстыяй, якая вучыць любові, і абмыццём ног, якое вучыць служэнню. Любоў і служэнне заўсёды павінны быць разам, - падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле Францішка, духавенства павінна быць “экспертамі ў любові да іншых”, пакорнымі слугамі братоў, адзначацца здольнасцю “дэманстраваць у прастаце малых штодзённых жэстаў любові і ўвагі ласкавасць Боскай пяшчоты”.

“Трэба нанова распаліць у жыцці прагненне наследаваць Добрага Пастыра і вучыцца быць “слугамі” ўсіх, асабліва братоў і сясцёр, якім пашчасціла менш, якіх часта не бяруць пад увагу, і рабіць усё, каб у гэты крызісны час яны адчувалі, што іх суправаджаюць, падтрымліваюць і любяць”, - сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў венесуэльскае духавенства прынесці сябе ў дар Богу і Яго святому народу. Ён падзякаваў душпастырам за сведчанне любові і служэння хворым, якім яны нясуць Божае слова і Эўхарыстыю, за падтрымку медыцынскага персаналу, дапамогу бедным і адкінутым, тым, якім нестае самага неабходнага для выжывання і годнага жыцця.

Завяршаючы відэапасланне, Святы Айцец запэўніў біскупаў, святароў і законнікаў Венесуэлы ў сваёй блізкасці і малітве і заклікаў іх не паддавацца спакусам падзелаў, захоўваючы адзінства з сабратамі і Касцёлам.
 

19 студзеня 2021, 14:50