ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа скіраваў пасланне на Сусветны дзень масавай камунікацыі

Камунікацыі патрабуе сустрэчы, асабістага досведу і праверкі інфармацыі, бо ў адваротным выпадку яна ператвараецца ў пустую красамоўнасць, павышаючы рызыку маніпуляцый і скажэнняў, - лічыць Пантыфік.

23 студзеня 2021 г. было абнародавана пасланне Папы на 55-ы Сусветны дзень масавай камунікацыі. Яго тэма: “Ідзі і паглядзі” (Ян 1,46). Евангельскія словы з’яўляюцца метадам кожнай сапраўднай чалавечай камунікацыі, - сцвердзіў Францішак.

Паводле Святога Айца, перадача “праўды, якая становіцца гісторыяй”, патрабуе адмаўлення ад высакамернага ўсёзнайства і выйсця ў шлях, прабывання сярод людзей, слухання, знаёмства з рэчаіснасцю, якая заўсёды можа нас нечым здзівіць.

Сцерці падэшвы абутку

Францішак звярнуў увагу на тое, што ў наш час існуе рызыка з’яўлення “газет-ксеракопій”, тэле- і радыёпраграм, вэб-сайтаў, якія капіруюць адно аднаго. Распаўсюджанай тэндэнцыяй з’яўляецца стварэнне інфармацыі перад маніторам камп’ютэра, не выходзячы на вуліцу і не сустракаючыся з людзьмі, каб шукаць гісторый і асабіста правяраць дадзеныя.

“Калі мы не адкрываемся на сустрэчу, застаёмся вонкавымі гледачамі, нягледзячы на тэхналагічныя інавацыі, здольныя ставіць нас перад дапоўненай рэальнасцю і ствараць ілюзію таго, што мы з’яўляемся яе часткай”, - напісаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што тэхналагічныя прылады могуць быць карыснымі і каштоўнымі, калі яны дапамагаюць “пайсці і паглядзець” на тое, што без іх убачыць было б немагчыма, калі ўводзяць у сетку знаёмстваў, калі дапамагаюць сустрэцца.

Дэталі навін у Евангеллі

Пантыфік нагадаў, што ў сваім Евангеллі св. Ян прыводзіць дэталі, якія сведчаць пра яго асабістую ангажаванасць у падзеі, звязаныя з Езусам. У сувязі з гэтым Папа звярнуў увагу на важнасць непасрэднага знаёмства і асабістага досведу.

“Пайсці і паглядзець” – самы просты спосаб пазнаёміцца з рэчаіснасцю. Гэта праверка сумленнасці любой навіны: каб пазнаць, трэба сустрэцца, трэба дазволіць прамаўляць таму, хто знаходзіцца перад намі, дазволіць яго сведчанню дасягнуць мяне”, - заўважыў Святы Айцец.

Падзяка за мужнасць шматлікім журналістам

Папа падкрэсліў, што журналістыка патрабуе смеласці ісці туды, куды ніхто ісці не адважваецца. Ён заклікаў да ўдзячнасці шматлікімі прафесіяналам сферы медыя, якія рызыкуюць, паказваючы цяжкую сітуацыю людзей, пераслед, несправядлівасць, войны.

Пантыфік пажадаў, каб СМІ не абмяжоўваліся навінамі пра праблемы багатых, але звярталі ўвагу і на бедных, асабліва падчас пандэміі.

Магчымасці і пасткі інтэрнэту

Францішак нагадаў, што лічбавыя тэхналогіі даюць магчымасць хуткай перадачы інфармацыі з першых рук, і часта гэта карысна. Дзякуючы інтэрнэту можна даведацца пра падзеі, якія не заўважаюць традыцыйныя медыя. Сацыяльныя сеткі, напрыклад, даюць магчымасць зрабіць наш грамадзянскі ўнёсак, падзяліцца сведчаннем, распавесці пра тое, што адбываецца на нашых вачах.

З іншага боку, сацыяльныя сеткі звязаны з рызыкай неправеранай інфармацыі, маніпуляцый навінамі і выявамі. Святы Айцец заклікаў карыстацца прыладамі камунікацыі з разважлівасцю і адказнасцю, правяраць праўдзівасць навін і выяўляць фэйкі.

Нішто не заменіць бачання на ўласныя вочы

Паводле Папы, асабістыя стасункі ў камунікацыі з’яўляюцца незаменнымі. Вучні Езуса не проста слухалі Яго, але таксама глядзелі на Яго, калі прамаўляў. “Слова можа быць плённым, толькі тады, калі яго можна “ўбачыць”, калі яно заахвочвае цябе да дыялогу, калі ты ўзаемадзейнічаеш з ім. Менавіта таму заклік “ідзі і паглядзі” настолькі важны”, - сцвердзіў Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што ў наш час шырокай наяўнасці інструментаў камунікацыі вельмі шмат “пустой красамоўнасці”. Калі б св. Павел з Тарсу жыў сёння, ён карыстаўся б электроннай поштай і сацыяльнымі сеткамі. Але сучаснікаў уражвала б не гэта, а яго вера, надзея і любоў, размовы і сустрэчы з ім.

Пантыфік падкрэсліў, што Евангелле працягвае рэалізавацца і ў нашы дні. Гэта адбываецца тады, калі мы атрымліваем яскравае сведчанне людзей, жыццё якіх змянілася пасля сустрэчы з Езусам. Ён заклікаў супрацоўнікаў СМІ ажыццяўляць камунікацыю, сустракаючы людзей там, дзе яны знаходзяцца, і такімі, якія яны ёсць.

Сусветны дзень масавай камунікацыі адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле з 1967 г. Сёлета ён пройдзе 16 мая. Папскае пасланне было абнародавана ў вігілію ўспаміну св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў.
 

23 студзеня 2021, 13:25