ҽ

Папа падчас "Анёл Панскі" Папа падчас "Анёл Панскі" 

Пантыфік: у 2021 развіваць клапатлівае мысленне і культуру

“Мір – гэта не толькі адсутнасць вайны, але жыццё, напоўненае сэнсам, запланаванае і пражытае ў асабістай рэалізацыі і братэрскім дзяленні з іншымі”, - сказаў Папа 1 студзеня 2021 г. падчас “Анёл Панскі”.

Трансляцыя адбывалася з Бібліятэкі ў Апостальскім палацы Ватыкана.

Святы Айцец пажадаў, каб Новы год стаў часам “чалавечага і духоўнага развіцця”, “пераадолення нянавісці і падзелаў”, годам братэрства і клопату адно пра аднаго і свет, часам пабудовы, а не руйнавання.

Ён нагадаў, што тэма сёлетняга Сусветнага дня міру, які адзначаецца 1 студзеня, звязана з клопатам пра бліжняга і стварэнне. “Балючыя падзеі, якія абазначылі шлях чалавецтва ў мінулым годзе, асабліва пандэмія, вучаць нас неабходнасці цікавіцца праблемамі іншых і падзяляць іх страхі. Такое стаўленне ўяўляе шлях, які вядзе да міру, таму што спрыяе развіццю грамадства, заснаванага на братэрскіх адносінах. Кожны з нас, мужчын і жанчын нашага часу, пакліканы несці мір штодня ва ўсіх сферах жыцця, працягваючы руку дапамогі брату і сястры, якім патрэбна слова суцяшэння, жэст пяшчоты, салідарнасці”, - адзначыў Папа.

Францішак растлумачыў, што “мір можна пабудаваць тады, калі пачаць жыць у міры з самім сабой і з бліжнімі, ухіляючы тое, што перашкаджае клопату пра тых, хто знаходзіцца ў патрэбе і беднасці”.

“Гаворка ідзе пра развіццё клапатлівага мыслення і культуры для пераадолення абыякавасці, непрыняцця і канкурэнцыі, якія, на жаль, дамінуюць. Мір – гэта не толькі адсутнасць вайны, але жыццё, напоўненае сэнсам, запланаванае і пражытае ў асабістай рэалізацыі і братэрскім дзяленні з іншымі. Тады гэты мір, якога так жадаюць, і якому пастаянна пагражаюць гвалт, эгаізм і бязбожнасць, становіцца магчымым і дасягальным”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што не можна ў поўнай меры дасягнуць міру пры дапамозе толькі чалавечых рэсурсаў. “Перш за ўсё, мір – гэта дар Божы. Аб ім трэба прасіць у пастаяннай малітве, падтрымліваючы цярплівы і паважлівы дыялог, выбудоўваць супрацоўніцтва, адкрытае для праўды і справядлівасці, і заўсёды клапаціцца аб справядлівых памкненнях людзей і народаў. Няхай мір запануе ў сэрцах і сем’ях, у месцах працы і забаў, у супольнасцях і народах”, - сказаў Папа.

Ён пажадаў “шчаслівага і мірнага 2021 года”. “Няхай гэта будзе год братэрскай салідарнасці і міру для ўсіх; год, поўны даверлівых чаканняў і надзей, якія мы давяраем нябеснай абароне Марыі, Маці Божай і нашай Маці”, - звярнуўся да вернікаў Францішак.
 

01 студзеня 2021, 12:59