ҽ

Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Пантыфік: адзінства паміж хрысціянамі – плён малітвы

Свет паверыць тады, калі будзем сведчыць аб любові, якая яднае і робіць нас бліжнімі для ўсіх, - сцвердзіў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 20 студзеня 2021 г., прысвечанай Тыдню малітваў аб еднасці хрысціян.

Францішак нагадаў, што падчас Апошняй вячэры Езус прамовіў малітву, у якой прасіў Айца аб еднасці для сваіх вучняў. Яе можна назваць Яго “духоўным запаветам”. Збаўца ведаў, што гэта не пад сілу самім вучням, бо “адзінства – гэта, у першую чаргу, дар, ласка, аб якой трэба прасіць у малітве”.

Паводле Пантыфіка, дару адзінства патрабуе кожны чалавек, бо кожны адчувае ўнутраны канфлікт паміж жаданнем рабіць дабро і схільнасцю да зла. У гэтым знаходзіцца корань падзелаў, якія існуюць сярод людзей: у сям’і, у грамадстве, паміж народамі і нават паміж вернікамі. Папа нагадаў думку Другога Ватыканскага Сабору аб тым, што “разлад, ад якога пакутуе сучасны свет, звязаны з больш глыбокім разладам, які караніцца ў сэрцы чалавека”.

“Гаенне падзелаў заключаецца не ў супрацьстаянні камусьці, бо нязгода стварае іншую нязгоду. Сапраўднае вылячэнне пачынаецца з просьбы, якую скіроўваем да Бога, аб міры, згодзе, адзінстве”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Гэта тычыцца ў першую чаргу хрысціян: дасягненне еднасці можа быць выключна плёнам малітвы. Дыпламатычных намаганняў і акадэмічнага дыялогу недастаткова. Езус ведаў пра гэта і молячыся адкрыў нам шлях. Таму наша малітва аб еднасці з’яўляецца пакорным, але даверлівым удзелам у малітве Пана, Які паабяцаў, што кожная малітва, узнесеная ў Яго імя, будзе пачута Айцом”, - нагадаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што ад еднасці паміж хрысціянамі “залежыць вера ў свеце”, як казаў Хрыстус, заклікаючы да адзінства. “Свет паверыць не дзякуючы таму, што будзем пераконваць яго добрымі аргументамі, але дзякуючы нашаму сведчанню аб любові, якая нас яднае і робіць бліжнімі для ўсіх”, - дадаў ён.

“У гэты час нястачы яшчэ больш патрэбна малітва, каб адзінства пераважала над канфліктамі. Трэба тэрмінова адкласці асабістыя інтарэсы і спрыяць агульнаму дабру. Для гэтага фундаментальны з’яўляецца наш добры прыклад: важна, каб хрысціяне працягвалі ісці да поўнай, бачнай еднасці. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў, дзякуй Богу, было зроблена шмат крокаў наперад, але трэба трываць у любові і малітве, з даверам і нястомна. Гэта шлях, які Дух Святы абудзіў у Касцёле, у хрысціянах і ўсіх нас, на якім мы ніколі не можам пайсці назад. Заўсёды наперад!”, - заклікаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што маліцца, значыць змагацца за адзінства. Д’ябал заўсёды сее падзелы, спакушаючы нас слабасцю братоў, правакуючы крытыку і адасабляючы. Бог жа прымае нас такімі, якія мы ёсць, і падштурхоўвае да еднасці. Важна садзейнічаць адзінству малітвай і любоўю, а таксама пазбяганнем распаўсюджвання плётак, - лічыць Святы Айцец.

“Тэма гэтага Тыдня малітваў тычыцца менавіта любові: “Заставайцеся ў Маёй любові: прынесяце багаты плён” (пар. Ян 15, 5-9). Корань адзінства знаходзіцца ў любові Хрыста, якая дапамагае нам пераадолець забабоны і ўбачыць у іншым брата і сястру, якіх мы павінны любіць заўсёды. Тады мы ўбачым, што хрысціяне іншых канфесій, з іх традыцыямі, іх гісторыяй, Божымі дарамі, з’яўляюцца дарам на тэрыторыях нашых дыяцэзіяльных і парафіяльных супольнасцей. Пачнём жа маліцца за іх і, калі магчыма, разам з імі. Так мы навучымся любіць і цаніць іх”, - заклікаў Францішак.

Папа нагадаў, што малітва з’яўляецца душой усяго экуменічнага руху. “Таму няхай яна стане зыходнай кропкай у дапамозе Езусу ў здзяйсненні Яго мары: каб усе былі адно”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.
 

20 студзеня 2021, 11:49