ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Юбілейны год апостала Якуба: пасланне Пантыфіка

Францішак скіраваў пасланне на Юбілейны год апостала Якуба. Святая брама была адчынена 31 снежня 2020 г. у катэдры Сант’яга-дэ-Кампастэла, дзе захоўваюцца яго рэліквіі.

Тэма Года: “Выйдзі з зямлі тваёй! Цябе чакае апостал”. Пантыфік выказаў блізкасць “усім, хто падзяляе гэты жыватворны для ўсяго Касцёла момант”. “Ідучы шляхам апостала, мы пакідаем саміх сябе, нашу самаўпэўненасць, якая спыняе, бо перад намі ясная мэта. Мы не бадзягі, якія пастаянна круцяцца вакол сябе, нікуды не прыходзячы. Нас кліча голас Пана, і як пілігрымы мы прымаем яго, жадаючы слухаць, шукаць і выходзіць у гэты шлях, каб сустрэць Бога, іншых і саміх сябе”, - адзначыў Папа.

Францішак падкрэсліў, што мэта гэтак жа важная, як і шлях да яе – навяртанне, якога мы дасягаем, ідучы за Езусам – Дарогай, Праўдай і Жыццём.

“У гэтым падарожжы нас суправаджае Божая міласэрнасць. І нават калі з прычыны граху ў нас застаецца слабасць, яна пераадольваецца любоўю, якая дазваляе з надзеяй глядзець у будучыню і быць гатовымі вярнуць сваё жыццё на правільны шлях”

, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Каб адправіцца ў дарогу, трэба перш за ўсё адарвацца ад таго, што абцяжарвае. Гаворка ідзе пра тое, каб “выйсці з свайго эга і далучыцца да іншых”, падтрымліваць адно аднаго, падзяляючы турботы і дасягненні. Папа адзначыў, што ў канцы шляху мы напэўна апынёмся з пустым заплечнікам, але з “сэрцам, поўным жыццёвага вопыту, дасягнутага праз кантраст і гармонію з іншымі нашымі братамі і сёстрамі, якія паходзяць з рознага экзістэнцыяльнага і культурнага кантэксту”.

Францішак апісаў пілігрыма як чалавека, здольнага цалкам даверыць сябе Богу і ўсвядоміць, што абяцаная айчына ўжо прысутнічае ў Хрысце, Які заўсёды побач. Ён заклікаў пілігрымаў пасля прыбыцця да Святой брамы ў Сант’яга-дэ-Кампастэла сузіраць ціхамірны позірк Езуса, міласэрнага суддзі, Які вітае ў сваім доме; упасці ў абдымкі апостала Якуба, які паказвае шлях веры; узяць удзел у Эўхарыстыі, каб адчуць сябе народам Божым, закліканым дзяліцца радасцю Евангелля.
 

03 студзеня 2021, 10:41