ҽ

Папа падчас "Анёл Панскі". Ілюстрацыйнае фота Папа падчас "Анёл Панскі". Ілюстрацыйнае фота 

“Анёл Панскі”: мы павінны быць зоркай для нашых братоў

“Хрыстус – гэта зорка, але і мы можам і павінны быць зоркай для нашых братоў і сясцёр, як сведкі скарбаў дабра і бясконцай міласэрнасці, якія Адкупіцель дарма дае кожнаму”, - заўважыў Папа падчас “Анёл Панскі”.

6 студзеня 2021 г., ва ўрачыстасць Аб'яўлення Пана, Францішак падкрэсліў, што Богаяўленне – гэта падзея, “якая ўспрымаецца ў вымярэнні святла: святла, якое азарае кожнага чалавека, святла, якое прымаецца ў веры, святла, якое трэба несці іншым у любові, у сведчанні, у абвяшчэнні Евангелля”.

Каментуючы прароцтва Ісаі (60, 1-6), Пантыфік падкрэсліў, што святло, дадзенае Богам усім народам, рассейвае цемру, і справа ў тым, каб атрымаць яго, каб яно свяціла для ўсіх. Гэта святло – Езус. Праз яго Бог рэалізуе сваё Валадарства любові, справядлівасці і міру. Яно распаўсюджваецца праз абвяшчэнне Евангелля, набліжэнне да іншага, сустрэчу з ім, прыняцце яго рэальнасці. “Хрыстус – гэта зорка, але і мы можам і павінны быць зоркай для нашых братоў і сясцёр, як сведкі скарбаў дабра і бясконцай міласэрнасці, якія Адкупіцель дарма дае кожнаму”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу на тое, што “мы таксама, як мудрацы, пакліканы пастаянна быць зачараванымі, прыцягнутымі, накіраванымі, прасветленымі і навернутымі праз Хрыста: гэта шлях веры, праз малітву і разважанне пра Божыя справы, якія пастаянна напаўняюць нас радасцю і новым захапленнем”.

“Будзем маліцца аб апецы Марыі над паўсюдным Касцёлам, каб распаўсюджваў па свеце Евангелле Хрыста, Lumen Gentium, святло ўсіх народаў”, - сказаў Францішак, перш чым памаліцца “Анёл Панскі” і ўдзяліць апостальскае благаслаўленне.
 

06 студзеня 2021, 12:07