ҽ

Папа падчас агульнай аўдыенцыі Папа падчас агульнай аўдыенцыі 

Папа: будучы носьбітамі ўдзячнасці, зробім свет лепшым

Калі будзем носьбітамі ўдзячнасці, свет будзе станавіцца лепшым, магчыма не нашмат, але гэтага дастаткова, каб перадаць крыху надзеі, - сказаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі 30 студзеня 2020 г.

У катэхезе, прысвечанай малітве падзякі, Францішак спаслаўся на апавяданне з Евангелля св. Лукі (17,11-19) пра аздараўленне Езусам дзесяці пракажоных, якіх Ён сустрэў на дарозе, пачуўшы іх просьбу аб літасці.

“Вядома, што для хворых на праказу фізічныя пакуты былі злучаны з грамадскім і рэлігійным адчужэннем. Яны былі маргіналізаваныя. Езус не спыніўся для сустрэчы з імі. Часам Ён выходзіў за рамкі законаў і дакранаўся да хворых, абдымаў і аздараўляў іх, але ў гэты раз кантакту не было. Езус здалёк сказаў ім паказацца святарам, якія, згодна з законам, павінны быць пацвердзіць факт аздараўлення. Ён больш не сказаў нічога. Езус выслухаў іх малітву, выслухаў іх крык аб літасці, і адразу адправіў да святароў, - нагадаў Францішак.

Пантыфік падкрэсліў, што гэтыя людзі даверыліся Хрысту і неадкладна пайшлі, а калі былі ў дарозе – аздаравіліся, усе дзесяць. Святары маглі пацвердзіць іх аздараўленне і вярнуць да нармальнага жыцця. Але тут адбылося нешта вельмі важнае: з гэтай групы толькі адзін, перш чым пайсці да святароў, вярнуўся да Езуса, каб падзякаваць Яму і праславіць Бога за атрыманую ласку. Хрыстус заўважыў, што гэты чалавек быў самаранінам, свайго роду “ератыком” для тагачасных юдэяў. Ён пракаментаваў: “Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся праславіць Пана, акрамя гэтага чужынца?” (Лк 17,18).

Папа зазначыў, што гэта апавяданне дзеліць свет на дзве часткі: на людзей, якія не дзякуюць, і на тых, якія дзякуюць; на людзей, якія бяруць усё як належнае, і на тых, хто прымае ўсё як дар, як ласку. У сваю чаргу Катэхізіс кажа, што ўсялякае здарэнне і ўсялякая патрэба могуць стаць нагодай для падзякі.

“Малітва падзякі пачынаецца з гэтага: з прызнання таго, што нас апярэджвае ласка. Мы былі задуманы раней, чым навучыліся думаць; мы былі любімымі раней, чым навучыліся любіць; мы былі пажаданымі раней, чым у нашых сэрцах узнікла жаданне. Калі будзем глядзець на жыццё такім чынам, тады ўдзячнасць стане лейтматывам нашых дзён”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што для хрысціян удзячнасць дала імя самаму галоўнаму сакрамэнту: Эўхарыстыі. Гэта грэчаскае слова, насамрэч, азначае менавіта падзяку. Ён падкрэсліў, што кожны чалавек мае шмат прычын для ўдзячнасці: дар жыцця, бескарыслівыя і руплівыя выхавацелі і катэхеты, сяброўства…

Папа заўважыў, што слова “дзякуй”, якое мы павінны казаць штодзённа, і якім хрысціянін дзеліцца з усімі, узбагачаецца ў сустрэчы з Езусам. Ён нагадаў, што прыйсце Хрыста часта выклікала радасць і праслаўленне Бога ў тых, хто Яго сустракаў. І мы таксама пакліканы ўдзельнічаць у гэтым бязмежным святкаванні.

Паводле Францішка, да гэтага заклікае ўрывак пра дзесяць пракажонных, якія былі аздароўлены. Усе яны былі шчаслівыя таму, што “да іх вярнулася здароўе і яны маглі выйсці з таго бясконцага прымусовага каранціну, які выключаў іх з жыцця грамадства”. Аднак, сярод іх быў адзін чалавек, які “больш чым вяртанню здароўя радаваўся сустрэчы з Панам”. Ён “не толькі вызваліўся ад зла, але цяпер меў упэўненасць у тым, што яго любяць”.

“Гэта адкрыццё любові як сілы, што пануе над светам. Дантэ сказаў б: Любоў, якае “прыводзіць у рух сонца і іншыя зоркі”. Цяпер мы больш не вандроўныя падарожныя, якія блукаюць туды і сюды, але мы маем дом, жывём у Хрысце, і з гэта “жылля” сузіраем увесь астатні свет і ён нам здаецца бясконца прыгожым. Мы – дзеці любові, браты любові. Мы – людзі ласкі”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў вернікаў заўсёды імкнуцца заставацца ў радасці сустрэчы з Езусам, клапаціцца пра гэту радасць у сабе. Д’ябал жа, падманваючы нас сваімі спакусамі, заўсёды пакідае нас смутнымі і самотнымі. “Калі будзем трываць у Хрысце, ніякі грэх і ніякая пагроза ніколі не змогуць перашкодзіць нам з радасцю працягваць шлях, разам са шматлікімі спадарожнікамі”, - дадаў Папа.

“У першую чаргу не будзем забываць дзякаваць: калі будзем носьбітамі ўдзячнасці, таксама і свет стане лепшым, магчыма не нашмат, але гэтага будзе дастаткова, каб перадаць крыху надзеі. Свет патрабуе надзеі, а праз удзячнасць і звычку дзякаваць мы перадаем крыху надзеі. Усё з’яднана і злучана, і кожны можа рабіць свой унёсак там, дзе прабывае. Шлях шчасця, гэта той шлях, які св. Павел апісаў напрыканцы аднаго са сваіх пасланняў: “Няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце. Духа не гасіце” (1Тэс 5,17-19). Не гасіць Духа – цудоўная праграма на жыццё! “Не гасіць Духа”, якога маем унутры, гэта тое, што вядзе нас да ўдзячнасці”, - закончыў катэхезу Святы Айцец.
 

30 снежня 2020, 10:20